Салдат, рабочы люд з жандарамі
Спляліся. Волава зажарылі.
Пайшлі пажары за пажарамі.
То выбухнуў апошні бой.
І кончыў з славай наш гэрой.
Заварухнуліся гаротныя,
Паднялі сьпевы ўсе дрымотныя,
Ўсе гарады, куткі балотныя.
Гэй, ладзьце сьвята, ўсе сустрэчныя!
Сьпявайце песьні, папярэчныя! —
Загінуў цар навекі вечныя.
І праваліўся трухлы трон.
Той дзень — адзін з сьвяточных дзён
Дзень Парыскай Комуны.
(18-га сакавіка).
Жыве ў паданьнях сівых лет
Адгук Парыскае Комуны,
Яе каваў бунтар-поэт
На стогалосных сьпеўных струнах.
Чырвоназорны волі сказ
Крывёй рабочага упісан
На памяць вечную для нас
У кнігу строгіх летапісцаў.
Забарыкадзіўся Парыж
Між стромкакаменных абшараў.
Дрыжаў багач, разбойны крыж
Ад слаўных дзеяў Комунараў.
А каты дзікія прыйшлі, —
Дзяцей, жанок, старых скрамсалі.
Рабочых тысячы ляглі…
О, ганьба вечная Вэрсалю!