Год-сьфінкс надзеў шалом пажарышчных зарніцаў,
Узброіўся да ног стастрэльным пяруном, —
Пасыпаліся ў тхлань фальшывыя бажніцы,
І трызны цёмных дзён спаліліся агнём.
Наш адраджоны год, замест званоў, малітваў,
Сьпявае вольны гымн на ўвесь зямны абшар;
Ён трубіць на ўвесь сьвет да багатэрскіх бітваў,
Ён піша на сябе Чырвоны каляндар.
Паргаміны зіхцяць у казках гэроічных —
То летапісь баёў багом, царом на страх.
Заве з турэмных крат пагудкаю стазычнай
Зьняволеных людзей у сонцасьветлы гмах.
У новае жыцьцё ідуць-плывуць народы,
Як зрушаны вулькан, як хвалі бурных вод.
Ня страшны на шляху каменьні перашкоды:
У будучыну йдуць, імкнуцца ў Новы Год.
Дзевятае студзеня.
Пагрозна сталіца замоўкла.
Упарта заводы зьнямелі.
Бунтарскае, сьмелае вока
Яскравіла сьнежныя белі.
Дзевяты дзень студзеня ўраньне
Завіхрыў на вуліцах людам.
О, страшнае будзе караньне —
Апрычнікі царскія ўсюды.
Рабочыя йшлі да палацаў —
Старыя, малыя і дзеці.