Перайсці да зместу

Старонка:Буралом (1925).pdf/25

З пляцоўкі Вікікрыніцы
Гэта старонка не была вычытаная

Імчацца, імчацца, імчацца
Над пухкай, над сьнежнаю хмарай.
Сталёвыя гулкія раці
Глытаюць абшары.

Драбнее, драбнее, драбнее!
У сіняй пустэлі дружына.
Баечныя цуды-пігмеі,
У небе — крапіны.

Ў абоймы стыхіі з размаху
Кідаюцца з дзікай ахвотай.
Ня ведаюць сполаху-страху.
Гэй, слава пілотам!

То робяць круць-верці ў паветры,
Кульгаюцца ў бокі з гарачкі.
Нурцы задаюць на шмат мэтраў,
Бы дзікія качкі.

Во, во, упадуць як Ікар той,
На сьмерць разаб'юцца ў хвіліну.
Падняліся зноў. Гэта жарты —
Жартуюць машыны.

Зноў пырхаюць, глушаць бязбрэжжа,
Нясуцца блакітнай дарогай.
Нябёсам кідаюць мяцежны
Бунтарскі свой, рогат.

Менск, 1923 г.

|}