Плыў мароз па струнах драцяных
ад слупа і да слупа,
іржавым водгульлем стагнаў
ад каменна-бэтонных валатовак-скрынь вялікіх мест
да шурпатых саламяных стрэх
бабулек згорбленых —
вясковых хатак.
Ён на дарозе ўсюль сяваў па дрэвах
срыбны мох бялява-сівай шэрані.
І ноч паўзла, як вуж.
А па шкляных палёх нябёс
каціліся, зьвінелі
пругка-цьвёрдыя брусьніцы
буйных зор.
У сьвітцы сьцюжы шэрай
Беларусь Савецкая
што-хвілю размаўляла
з роднаю сваёй сястрой
з Масквою.
Гаварыць шмат аб чым было:
Зьезд Саветаў, здароўе Ільліча.
Нэрвамі і жыламі аднымі
з С.С.С.Р. наш край навекі сплецены
у арганізм адзін,
ў адну магутную і творчую машыну.
Зыгзагі радыё сум-жудасьць перакінулі
З Масквы у Менск…
|