Перайсці да зместу

Старонка:Буралом (1925).pdf/22

З пляцоўкі Вікікрыніцы
Гэта старонка не была вычытаная

Арліхі.

І луналі сталёвыя дзьве самалёткі — арліхі,
І былі іх палёты ня ціхі:
Крахаталі, шыпелі, гудзелі і страшна і дзіка,
І была іх трывога вяліка.
І пагібель і гора бязьмерна скідалі усюды,
Гарады разьбівалі у груды.
Нібы прашчуры пекла, труцілі ўсё жудасьцю-страхам
Непакоілі воблачным шляхам.
А гарматы насы, бы галовы з вады кракадылы,
Падымалі, равелі што сілы…
І плявалі агнём — не траплялі ў магутныя скрыдлы,
Ім страляць у паветра абрыдла.
Чырванелі арліхі тымчасам, бы ў небе зарніцы,
Сваім гульням ня зналі граніцы.
Іх сьмяшылі з зямлі алавяныя, грозныя гукі,
Іх сьмяшылі сьмяротныя мукі…
Гэй, адважны стралок, ты вартуеш іх знізу дарэмна,
Хіба толькі жартуеш нікчэмна!
Што ім знача, асілкам, твае прыткалётныя пчолы?
Лепей кінь — ня прыцэліш ніколі!
...........
Пальнуў раз і другі. Сам рвануўся ўгару ад імпэту.
Ой, арліхам зьмяніла плянэта…
Во пусьціліся ўніз вельмі хутка, бы рынулі з неба,
Нібы зьнішчыць зямлю ўсю ім трэба.
Гэтак падае ўніз злы каршун на слабую ахвяру.
Так кідаецца воўк на атару:
Хіба страшнага духа спужаліся ў хмарах туманных?
Нам ня трэба гасьцей тых нязваных.