Перайсці да зместу

Старонка:Будні (1929).pdf/49

З пляцоўкі Вікікрыніцы
Гэта старонка не была вычытаная

Чаму ты не казаў тады, калі я ўжо разумнейшая стала?

Несьцер. Ня было мне калі казаць!.. Часу ня было! Бачыў, што ты ня вельмі ахвотна да гэтага, ну, і жыві, як знаеш! Не захацела са мною ісьці, пайшла да свайго бацькі — твая справа. Ты не дзяўчынка. Мусіш сама разьбірацца, што і да чаго.

Палашка. Ну, і ў мяне не качан капусты. Без цябе знаю, што рабіць і як жыць. Ня думай, што ты толькі такі разумны… За гэтыя два месяцы я таксама разглядзелася, дзе чорна, а дзе бела. І без цябе. Ты ня думай, што як у мяне бацька кулак, дык і я ўжо чорт ведае што…

Несьцер (заўзята смокча люльку). Сапраўды?

Палашка. Так. (Несьцер злосна плюе). Ну, таварыш Несьцер, прымеце мяне да сэпаратараў! (Шчыра). Ох, як хочацца на работу, ды яшчэ і не абы як. (Дзед выглядвае. Заўважыўшы, што Несьцер маўчыць, рашуча ўваходзіць).

Язэп. Каля сэпаратараў і без цябе знойдзецца каму працаваць. На вось табе лепей ключ ад хаты, ды ідзі ты, Палашка, дадому, зарэж таго дурнога пеўня, што адзін ходзіць па двары, ды звары нам добрае капусты.

Несьцер. Дзед…

Язэп (прыкідваецца, што вельмі злосны). Што дзед? Дзед! Сам ведаю, што дзед. Ідзі, ідзі, дачушка, дадому. Бо там без цябе і хата засьмярдзелася.

Несьцер. Слухайце, дзед, ня лезьце вы ў чужыя справы. (Ціха дзеду). Ідзеце ў млын.

Язэп. Мая справа маленькая, магу і ў млын. (Палашцы). А ключ ты ўсё такі вазьмі, Палашка.