Перайсці да зместу

Старонка:Будні (1929).pdf/48

З пляцоўкі Вікікрыніцы
Гэта старонка не была вычытаная

Несьцер (расчараваны). Вунь што? А я думаў…

Палашка. Можа думалі, што я хачу з мужам памірыцца? Не, штосьці няма ахвоты!..

Несьцер (глядзіць з-пад лобу). Сапраўды?..

Палашка. Абрыдла за наймічку быць!.. Харчы дрэнныя, работы многа, дый платы ніякае. Лепей сапраўды ў наймы пайсьці, чым есьці капусту з цыбуляй ды латаць мужу порткі. Няхай ужо наймічкаю пры млыне буду, бо млын — гэта такая справа, сапраўдная справа.

Несьцер. Выходзіць, што ў мужа і порткаў людзкіх няма. Можа ён і адзеўся-б у суконы гарнітур, а капусту з куркаю пакаштаваў, дык дзе-ж яго ў чортавага бацькі ўзяць?! (Устае). Чорт вашу маму мардуе!.. А тое, што мне што дзень, што ноч за тваім каханым бацькам ды за ўсёю гэтаю кулацкаю бандаю дыхнуць некалі было, пра гэта ты забылася?! Я і сам рад-бы быў, каб хоць пад‘есьці добра!.. Ты думаеш, мне на франтох салодка было?.. Твой бацька тут контр-рэвалюцыю разводзіў, хлеб скупліваў, а я галодны ды голы, па калена ў сьнягу, выганяў прыхільнікаў твайго таты з нашага краю!.. Кулацкая ў цябе душа, Палашка!.. Туман у цябе ў галаве! Несьвядомая ты, Палашка!.. (Дзед выглядае і зноў хаваецца, безнадзейна махнуўшы рукою).

Палашка. А чаму-ж ты не разагнаў таго туману?.. Чаму ты не зрабіў з мяне сьвядомае? Хіба ты мне хоць слова калі сказаў?

Несьцер (са злосьцю). Казаў я табе ня раз!..

Палашка. Казаў?.. Калі ты казаў?.. Як я дурная яшчэ была, калі я нічога не разумела?.. Тады казаў, калі ў адно вуха ўваходзіла, а ў другое выходзіла, бо за каханьнем ня было часу думаць!..