Перайсці да зместу

Старонка:Будні (1929).pdf/27

З пляцоўкі Вікікрыніцы
Гэта старонка не была вычытаная

Самахвал. Пра каву ды картоплю ня ведаю… Ня чуў… А вось, што малаціць электрычнасьцю, зямлю араць ды ў хатах замест газы сьвяціць можна, гэта праўда… У горадзе бачыў і ў некаторых вёсках пачалі заводзіць. Аруць, малоцяць ці там што — усё чыста электрычнасьцю.

Паўлюк. Та-ак, электрычнасьць — добрая штука… Толькі хіба яны зробяць так, як сьлед?.. Каб, скажам, трэба табе…

Стэпа (перабівае). Пачакай, Паўлюк… Дык, гэта, кум, выходзіць, што яны млына не аддадуць, калі свае парадкі там заводзяць?..

Самахвал. Вось гэта-ж і страшна… Трэба Івана Максімавіча пачакаць, што ён прывязе… Коняй па яго паслалі?..

Стэпа. Яшчэ сонца не заходзіла, як парабак паехаў… Хутка, мабыць, і прыедуць…

Палашка (сама да сябе). Электрычную станцыю ставіць…

Паўлюк. Я як яшчэ вучыўся ў гімназіі, дык у нас быў вучань адзін, бацька яго ў Амэрыку езьдзіў.

Стэпа. Паўлюк, галубчык, пайдзі скажы Крыстыне, каб самавар паставіла… потым ужо хоць распавіся…

Паўлюк. Эх, каб гэта ў Амэрыцы… уставіў штэпсэль і — калі ласка: піце гарбату. А то самавар!.. І гарбаты тае не захочаш… (Выходзіць).

Самахвал. Ну, Палашка, як там у цябе з мужам?..

Палашка. А што?..

Самахвал. Хутка памірыцеся?..

Палашка. Ня ведаю…

Стэпа. Яна хіба што ведае?.. Разумная!.. Бацька з мацераю кормяць, чаго ёй яшчэ трэба?..