Пайсьці не магу я на родны магілы,
Дзе сьпяць Беларусі найлепшыя сілы.
На нашай зямлі вельмі шмат курганоў
Дзе многа лягло нашых родных сыноў.
Па іх вецер асеньні і стогне і плача,
Вакол чорнай сям‘ёю крычыць вараньнё…
Ты ня знаеш дзе сын твой, о, бацька-бядача,
Ты ня ведаеш, маць, дзе дзіцятка тваё…
∗
∗ ∗ |
У душы і у сэрцы бы зоркі зіяюць,
То цені памёршых у поўнач лунаюць.
Зьяўляюцца мне з адзінокіх магіл, —
Я бачу усіх, хто душы маёй міл…
∗
∗ ∗ |
Па сьветлай сьцежцы ў цішыне
Прыходзяць цені да мяне.
І кожны кажа:
„Сьцежкай гэтай
Ідзі да лепшай долі-мэты.
Працуй на шчасьце свайго краю,
Будзі мазольнага ратая.
Няхай ён новы лёс куець,
На праўды шлях няхай ідзець…“
∗
∗ ∗ |
Вось Палуян, пінчук удалы,
Яго лясэ узгадавалі.
Яму шапталі свае казкі,
Яму дарылі свае ласкі
Палесься родныя лугі,
Вазёры срэбныя, стагі.
У душы палаў агонь зары,
Канец знайшоў ён без пары…
Шукаў сялянам лепшай долі,
Як кветка зрэзаная ў полі,
Што ветрам носіцца ў абшары,
Яго насілі сьветлы мары.
І украінскі дзед-кабзар
Пазваў яго ў стапоў абшар.
І вось у Кіеўскай зямлі
Ен скрыдлы паламаў свае…
∗
∗ ∗ |
Лявон Гмырак, з душой магутнай,
Любіў бяз мер свой край пакутны.
Сасонка Віленшчыны сумнай,
Дзіця Вяльлі, ракі задумнай.