Перайсці да зместу

Старонка:Беларусь у песьнях (1920).pdf/51

З пляцоўкі Вікікрыніцы
Гэта старонка не была вычытаная

перажывуць яе, залечаць свае раны, і пачнецца ізноў кіпучае жыцьцё, кіпучая праца. Дык кожын з нас, хаця-бы доля, прыгатавала яму ліхі канец, павінен ведаць, што і пасьля яго будзе жыць яго народ, што парастуць новыя пакаленьні, да каторых належыць будучына. Мора крыві аддзеляе нас ад яе. Гэтага зьмяніць, адвярнуць нельга. І калі наша кроў у гэта ўліецца, дык усё ж такі будзем ведаць, што пасьля нас заясьнее сонейка над нашай старонкай, што нашыя насьледнікі здабудуць урэшце тую долю, якой нам не давялося прыждаць".

З гэткім спакойным напамінам сыны Беларусі вышлі з родных хат ад сваіх сямеяк, каб нявольна прыняць учасьце ў страшэннай людзкой бойні.

І ось тут пачынаюць ліцца адна за адную сумныя песьні Беларусі, чапаючыя ў сваіх згуках, як даўнейшыя, яшчэ ня зжытыя балючыя матывы аб долі Бацькаўшчыны, так і зусім новыя, вынесяныя на паверхню хвалямі новых дзён, хвалямі вайны.

Ні затрымлюючыся доўга на песьнях, матывы якіх толькі аднаўляюць і ператвараюць у новыя Формы даўнейшыя малюнкі Беларусі, абрысаваныя ужо ў папярэдніх разьдзелах, зьвернем большую увагу на песьні, што вырываюцца з беларускіх грудзей пад уражэньнем новых перажываньняў, пад уражаньнем разьбітага добрабыту і новага болю душы.

Паэта Янка Купала ў нізцы вершаў сваіх з цыклю "Песьні вайны" выпявае ўвесь народны настрой ад самага пачатку вайны. Ды ня толькі ад самага пачатку вайны, ў значэньні калі пачуўся гук з першага гарматняга стрэлу, але і папярэдні гэтаму гуку час выяўляецца ў гэных песьнях. Ужо першая палавіна 1914 году, што адзначылася нябеснымі зьявішчамі - камэтай і зацьменьнем, закінула ў народную душу трывогу.

На узбярэжжы, над ракою
Шэпчуць вербы з асакою:
-Што-то будзе, што-то будзе?
Штось трывожны сьвет і людзі?