Перайсці да зместу

Старонка:Беларусь у песьнях (1920).pdf/48

З пляцоўкі Вікікрыніцы
Гэта старонка была вычытаная

А на беразе, пад дубам,
Ў ночку цёмную рыбак
Спаў ня раз пад мокрым лубам,
Гнуўся з холаду бядак.

А у буру вецер кветку
Да грудзёў тваіх схіляў,
І ў табе касец улетку
Пот крывавы абмываў.

Над табою месяц круглы
Ў ясным небе ціха плыў,
І з табой высокі, смуглы
Лес ціхутка гаварыў.

Перарэзаў край ты родны
Беларуса-мужыка…
О, наш чысты, наш свабодны
Нёман быстрая рака.

Ты цячэш далёка, знаю; —
У зямлю Літвы, Нямцоў.
Раскажыш чужому краю
Пра жыцьцё тваіх сыноў.

(„Нёман“).

|}

З гэткімі думамі-песьнямі, у безўпыннай працы па адраджэньню культуры народу, беларускія працаўнікі дайшлі да мамэнту, каторы зьявіўся трэцім этапам Беларускага адраджэньня. Гэтым мамэнтам зьяўляецца сучасная, яшчэ нязакончаная сусьветная вайна. Цяжкія годы працы з 1905 да 1914 ня далі нічога рэальнага, але за тое змоцнілі дух працаўнікоў, далі ім веру ў лепшую будучыну беларускага народу.

І хоць мамэнт перад пачаткам вайны, здавалася, ня суліў нічога лепшага апроч большага ўціску, яшчэ больш заўзятае барацьбы людзей з „Усходу“ і людзей з „Захаду“, усё-ж народ беларускі, ў асобе сваіх прарокаў-песьняроў, прачуваў, што вясна для Беларусі вось-вось настане.

І ось, чакаючы прыходу гэтае вясны песьняр Ясакар заве да працы тых, хто будзе будаваць новае жыцьце:

„Прыдзіце вы добрыя… Вечна кахаючы,
Шчасьце вы сьвету даруйце!
І гора-нуду і пракляцьця — ахвяраю
Вашай руйнуйце!…