Перайсці да зместу

Старонка:Беларусь у песьнях (1920).pdf/23

З пляцоўкі Вікікрыніцы
Гэта старонка не была вычытаная

ўсе песьні беларускіх паэтаў маюць дзьве ноты: жальбу і прызыў. У гэтых нотах, аднак, няма ніякага праклёну ні на каго, апроч свае долі і гэтыя дзьве ноты, як вехі, паказваюць шлях беларускага руху — шлях спакойнае творчае працы над стварэньнем нацыянальнае культуры, шлях без найменьшага нацыянальнага шовінізму і ненавісьці да іншых нацыяў.

Пачынаючы пець песьні беларускія паэты, бачыўшы па ўсёй Беларусі адно гора, зазначаюць адразу, што песьні іхнія ня могуць быць вясёлымі, бо кожная песьня, як кажа Якуб Колас, гэта

"...скарга уздоўж Нёмна
Беларусі сына...
Як ты бедна, як ты цёмна,
Родная краіна!
Зьбіты ў кучу твае вёскі,
У зямлю стрэхі уходзяць;
Нуднай песьні адгалоскі
Лес, курганы родзяць.
Крыж хваёвы, знак пакуты,
Тут і там чарнее:
Даль паўнютка ціхай смуты,
Жаль на душу вее!
Усё ў табе, мой родны краю,
Усё спавіта горам:
І той вецер, што дзьме з гаю,
Што шуміць над борам;
Тая песьня, што на полі
Жнеі засьпеваюць;
Тыя думкі, што да болю
Сэрца калыхаюць...
У маім сэрцы гора гэта
Одгалас знаходзіць;
Сэрца-ж жалем абагрэта
Песьні смутку родзіць.
Няхай плачам ў сіняй далі
Песьня разьліецца,
Каб усе людзі ў сьвеце зналі,
Як нам тут жывецца".
("Родныя песьні").

Усьлед-жа за гэтым ліюцца песьні аб мінуушчыне Беларусі, аб долі і нядолі, аб тым шчасьці, якое чакае Беларусь пасьля адраджэньня.