Перайсці да зместу

Старонка:Беларусь у песьнях (1920).pdf/21

З пляцоўкі Вікікрыніцы
Гэта старонка не была вычытаная
IV.

Рэвалюцыя 1905 году — гэта той дзень, калі косы сонца-волі, асьвяціўшы хоць на мамэнт, прыгатаваны дэмократычнымі элемэнтамі грунт, засеяны ў Беларусі ідэямі Богушэвіча і Няслухоўскага і іх аднамысьнікаў, выцяглі з-пад зямлі зялёныя расткі беларускага адраджэньня.

Падзеі 1905 году ў якіх трэба было разабрацца беларускаму народу змусілі лепшых сыноў яго злучыцца ў нацыянальна-соцыяльна-дэмократычны гурток — "Беларускую Соцыялістычную Грамаду“, каб арганізаванымі сіламі ісьці на помач сваёй Бацькаўшчыне. Гэты гурток пачаў тлумачыць і шырыць ідэю рэвалюцыі між беларускім народам у яго роднай, найбольш і найлепш яму зразумелай, мове. І ось, гэтыя пісаныя і друкаваныя ў беларускай мове лістоўкі і брашуркі, распаўсюджваючыся між народам і вызываючы ў ім нездаволеньне гнётам і зьдзекам над сабою, разам з тым будзілі у народзе і беларускую нацыянальную сьвядомасьць.

Адначасна з лістоўкамі і брашуркамі паяўляецца палітычная беларуская белетрыстыка, як "Скрыпка беларуская", "Хрэст на свабоду" і інш., якая, будзячы нацыянальную сьвядомасьць сярод беларускага вучыцельства, вучнёў сярэдніх школ і наагул беларускай інтэлігенціі, гадуе і расьціць узышоўшыя над зямлёю пасевы Богушэвіча і Няслухоўскага.

І з гэтага часу на беларускай ніве зярняты беларускага адраджэньня, раскіданыя рукамі сяўцоў, вышаўшых з беларускае вёскі, дарма ўжо ня гінуць.

З 1906 годам зьвязаны выхад у сьвет першае беларускае газэты "Наша доля", адчыніўшай сваім выхадам дзьверы беларускай прэсе, як роўнай прэсе другіх нацыяў. І дзеля гэтага зусім справядліва беларускі публіцыста, палажыўшы нямала працы на беларускай ніве, Антон Новіна кажа, што, дзень выхаду ў сьвет „Нашае Долі " - гэта першае беларускае нацыянальнае сьвята!"