Старонка:Беларускі правапіс (1943).pdf/25

З пляцоўкі Вікікрыніцы
Гэта старонка не была вычытаная

брытваў, мятла — мётлаў, пальма — пальмаў, патэльня — патэльняў, студня — студняў, кузьня — кузьняў і г. д.

2. Прадметнікі жаноцкага роду на -ня заўсёды маюць толькі поўныя канчаткі: песьня — песьняў, вішня — вішняў, лазьня — лазьняў.
3. Прадметнікі, у якіх пры адкіданьні канчатку павінна атрымацца нескладовае ў або й, заўсёды маюць толькі поўныя канчаткі: слова — словаў (а ня слоў), умова — умоваў, станцыя — станцыяў (а ня станцый).
4. Калі прадметнікі ніякага роду маюць перад канчаткам зьбег зычных або падоўжаныя зычныя, дык у родным склоне множнага ліку канчаюцца на аў (яў), прыкл.: выдавецтваў, брацтваў, заданьняў, пытаньняў, падарожжаў і г. д.

Правіла 43. Калі аснова канчаецца на злучэньне двух ці больш зычных, дык паміж зычнымі зьяўляюцца устаўныя гукі, пад націскам о (ё), а не пад націскам а, е, напр.: кросны — красён, вёдры — вёдзер — і вядзёр, землі — зямель, палотны — палоцен і палацён, вокны —во́кан і вако́н, жорны — жо́ран і жаро́н, сарочкі — саро́чак і сарачо́к, сястра — сясьцёр, вёска — вёсак, жнейка — жнеек.

Правіла 44. Вінавальны склон множнага ліку прадметнікаў усіх родаў, якія абазначаюць назовы жывёлы, падобен да назоўнага склону, а да роднага склону падобен толькі тады, калі прадметнікі абазначаюць асобу, чалавека, напр.: пасу коні, паю валы, дояць каровы, стрыглі авечкі, кармлю цяляты, ганю парасяты і г. д.

Але: шануюць бацькоў, люблю братоў, паслалі жанок, бачылі сясьцёр, гадую дзяцей.

Правіла 45. У давальным склоне множнага ліку прадметнікі мужчынскага і ніякага роду маюць канчаткі пад націскам -ом (ём), а не пад націскам -ам (ям); жаноцкі-ж род на а (я) заўсёды мае канчатак -ай (ям), прыкл.: каму? чаму? вало́м, стало́м, пнём, ласём, палём; наро́дам, паро́гам, ло́кцям, це́сьцям, здарэ́ньням, пыта́ньням, а таксама: рука́м, нага́м, ха́там, со́хам і г. д.

Правіла 46. Творны склон прадметнікаў множнага ліку ва усіх родах мае канчаткі -амі (ямі), (часам і проста -мі) незалежна ад націску, прыкл.: стала́мі, наро́дамі, рука́мі, ха́тамі, сёламі, пня́мі, ло́кцямі, ві́шнямі, зе́млямі, касьця́мі і касьцьмі́, людзя́мі і людзьмі́.

Правіла 47. У месным склоне множнага ліку прадметнікі мужчынскага і ніякага роду маюць канчаткі пад націскам -ох (ёх), а не пад націскам -ах (ях). Прадметнікі жаноцкага роду на -а (я) у гэтым склоне заўсёды маюць канчаткі ах (ях), напр:

на стало́х, аб вало́х, на пнёх, аб ласёх, на палёх, у наро́дах, на паро́гах, у мо́рах, у вазёрах, на ло́кцях, аб це́сьцях, у зада́ньнях, пры пыта́ньнях, у рука́х, нага́х, на касьцёх, у ха́тах, на со́хах, у ма́зях і г. д.