Старонка:Беларускі правапіс (1927).pdf/9

З пляцоўкі Вікікрыніцы
Перайсці да навігацыі Перайсці да пошуку
Гэта старонка не была вычытаная

ле Томсона выходзіць, што хто пры пісьме найменш робіць памылак, гэта значыць, піша найбольш правільна, той баржджэй навучыцца граматна пісаць. Разумеецца, пры сьпісваньні з кніжкі вучань зробіць менш памылак, чым пры дыктоўках, і дзеля таго ён баржджэй навучыцца правільна пісаць пры сьпісваньні, чым пры дыктоўках. Томсон паказвае такую розьніцу між сьпісваньнем і дыктоўкаю: пры сьпісваньні найбольш вытвараюцца зрокавыя вобразы, найлепей астаўляе сьлед памяць пісьма і найбольш маюць месца рукарухоўныя элемэнты, а гэта ўсё проста адносіцца к пісьму; пры дыктоўцы-ж бяруць перамогу гукавыя элемэнты, непатрэбныя для навучаньня правільнаму пісьму. Значыць, калі сьпісваньне і не дае ўсяго таго, што патрэбна для навучаньня правапісу, то ўсё-такі работа цалком ідзе на карысьць гэтага навучаньня, нічога не прападае дарма; пры гэтым не набываецца і нічога такога, што шкодзіць правільнаму пісьму.

Томсон не адмаўляе і таго, што бясспрэчную карысьць пры навучаньні граматнаму пісьму могуць прынесьці дыктоўка і граматычныя правілы, як пры навучаньні чужаземнай мове прыносіць карысьць ужываньне граматыкі. Але дыктоўка і граматычныя правілы — дапаможныя і дапаўняльныя спосабы навучаньня правапісу, і дзеля гэтага імі трэба карыстацца толькі ў некаторых разох, з яснаю ведаю мэты ўжываньня іх.

Бяз дыктоўкі нельга абысьціся пры навучаньні правапісу, бо калі хто піша самастойна, выкладае на пісьме свае думкі, то яму прыходзіцца, як і пры дыктоўцы, пісаць тое, што ён ня бачыць; хто піша самастойна, той як-бы сам сабе дыктуе, бо сказ, які ён сабе запісвае, спачатку зьяўляецца ў яго думках, хоць гэтага сказу ён і ня чытае. Але калі бяз дыктоўкі нельга абысьціся, то трэба рабіць гэта так, каб было як менш памылак; а памылак будзе менш, калі дыктоўку вучні пішуць не для праверкі граматнасьці, бо пры такой праверцы яны могуць зрабіць многа памылак, — а для навучаньня граматнасьці, і дзеля гэтага трэба аб’ясьніць, як пішацца кожнае труднае слова. Значыць, дыктоўка павінна быць навучальная.

З усяго таго, што гаварылася вышэй, выходзіць, што для навучаньня правапісу (аднолькаваму пісьму) найлепшымі спосабамі трэба прызнаць наступныя: 1) сьвядомае сьпісваньне і 2) навучальныя дыктанты.

1. Сьпісваньне якога-небудзь практыкаваньня трэба рабіць пасьля таго, як будзе растлумачана правіла, на якое надрукована практыкаваньне. Растлумачыць правіла лепей за ўсё можна мэтодам індукцыі; гэта значыць, з разбору некалькіх прыкладаў, якія стаяць у практыкаваньні, вывесьці правіла. Так, калі трэба сьпісаць практыкаваньне 48, то