Процэс вытварэньня нашае літаратурнае мовы адбыўся натуральна, вольна і без пабочнага прымусовага ўплыву, бо ў часе вытварэньня яе Беларусь ня мела адзінага каманднага цэнтру, які мог-бы пакіраваць разьвіцьцё ў свой бок, выходзячы з свайго мясцовага патрыотызму. Дзякуючы вольнаму разьвіцьцю, яна ўвабрала ў сябе ўсе чыста беларускія асобнасьці іншых беларускіх гаворак і цяпер у поўнай меры можа лічыцца сапраўды народнай, агульна беларускай мовай. Разьвіўшыся на грунце менска-вілейскай гаворкі (цьвёрдае р і вялікае аканьне), яна шырока адбівае ў літаратуры ўсе асобнасьці іншых гутарак беларускага народу і заняла пануючае палажэньне. Прынамсі, дагэтуль не рабілася спроб адмежаваньня, — ніводная гаворка не памыкалася стаць літаратурнай, хоць перашкоды для гэтага ня было. Само жыцьцё паказала, якая гаворка мае найбольш сілы і здольнасьці для літаратурнага разьвіцьця. А раз вызначылася літаратурная мова, то можна было апрацаваць сталы правапіс, або аднастайнасьць пісьма.
ІІ. Як ставіць навучаньне правапісу?
1. Правапіс літар і гукаў.
А. Найлепшыя спосабы навучаньня правапісу. Навучаньне правапісу — справа трудная і патрабуе ад вучняў ня мала часу і працы. Каб аблягчыць гэту працу і зьменшыць час, патрэбны на навучаньне правапісу, пэдагогі і псыхолёгі рабілі дасьледзіны гэтае справы рознымі спосабамі. Так, нямецкі псыхолёг Ляй найшоў у процэсе пісьма псыхолёгічны акт, у каторым галоўнае месца маюць успаміны пісьма, асоцыяцыя вобразаў і рух рукі, большасьцю мэханічны. Ляй рабіў навуковыя досьледы, альбо спробы, амаль што над 5000-мі вучняў пачатковых школ і настаўніцкіх самінарый. Гэтыя спробы паказалі, што галоўную аснову граматнасьці складаюць зрокавыя і рукарухоўныя ўспаміны пісьма. Адсюль Ляй заключыў, што найлепшы спосаб навучаньня граматнаму пісьму — сьпісваньне, бо пры сьпісваньні якраз зрокавыя вобразы, рукарухоўныя элемэнты і ўспаміны пісьма найбольш маюць месца.
Над мэтодолёгіяй навучаньня правапісу многа працаваў і расійскі профэсар Томсон; у яго нават ёсьць спэцыяльная праца ў гэтай справе: „К теории правописания и методологий преподавания его“. Томсон кажа, каб навучыцца правільна пісаць — трэба пісаць правільна. Для абгрунтаваньня свае думкі ён прыводзіць такую паралель: калі хто хоча навучыцца тэхніцы граць на раялі, той павінен граць на раялі, а не займацца тэорыяй музыкі, таксама, калі хто хоча навучыцца гаварыць у чужаземнай мове, той павінен гаварыць у гэтай мове, а ня вучыць граматыку. Значыць, павод-