Старонка:Беларускі правапіс (1927).pdf/10

З пляцоўкі Вікікрыніцы
Гэта старонка не была вычытаная

можна напісаць на кляснай дошцы прыклад: „Віднеліся палоскі гароху з харошанькімі чырвоненькімі і сіненькімі кветачкамі“, а вучні знаходзяць памяншальныя ці ласкальныя прыметнікі: харошанькімі, чырвоненькімі, сіненькімі і замячаюць канчаткі енькі і анькі; анькі стаіць пасьля ш — зацьвярдзелага гука; адсюль выводзяць правіла 37, а потым правяраюць гэта правіла на двух-трох прыкладах з практыкаваньня, чытаючы іх па кніжцы і знаходзячы слова на данае правіла. Перад сьпісваньнем практыкаваньня карысна, каб вучні прачыталі ўсе прыклады, прычым трэба зварачаць увагу вучняў на тыя словы, у якіх яны могуць зрабіць памылку; напрыклад: варта зьвярнуць увагу на канчаткі творнага склону ў множным ліку прыметнікаў — імі (харошанькімі, чырвоненькімі…); у прыкладзе: „Ластаўкі вылепілі харошанькае кругленькае гнязьдзечка“ — можна спытаць, чаму ў слове вылепілі напісана ле, хоць на ле няма націску; як напісана слова гнязьдзечка? і падобн.

На якія словы трэба зьвярнуць увагу вучняў пры сьпісваньні практыкаваньня, настаўнік добра ведае, калі ён ведае ступень граматнасьці сваіх вучняў.

Пасьля такога аналізу прыкладаў можна пачаць сьпісваньне; пры такіх умовах работы сьпісваньне не абернецца ў мэханічнае коп’яваньне друкованага тэксту, а будзе сьвядомае, пры якім вучні зробяць найменш памылак, а можа і ніводнае.

Наогул кажучы, заўсёды лепш не дапушчаць памылак, чым пасьля іх папраўляць; дзеля гэтага і трэба зварачаць увагу вучняў на трудныя словы, альбо асаблівыя сваім напісаньнем, як напрыклад: сям’я, мядзьведзь, сяджу, невялікі, сольлію, дачцы і падобн.

Яшчэ лепшых рэзультатаў даб’ецца настаўнік, калі пасьля папярэдняга аналізу практыкаваньняў будзе пісаць прыклады на кляснай дошцы, а вучні будуць сьпісваць з напісанага, а ня друкованага тэксту, бо шматлікавыя пробы паказалі, што сьпісваньне з рукапіснага тэксту дае ўдвая лепшыя рэзультаты, чым сьпісваньне з друкаванага тэксту. Дзеля гэтага вельмі пажадана мець друкаваныя пропісам табліцы з патрэбным тэкстам. Апроч таго, такія друкаваныя табліцы вельмі пажаданы яшчэ і дзеля таго, што ня кожны выкладчык можа выразна і прыгожа пісаць, тымчасам мамэнт хараства трэба праводзіць пры кожнай рабоце ў школе.

Пачаўшы такое сьпісваньне з кароткіх і простых зьместам фраз, можна паступова перайсьці да сьпісваньня невялікіх вершаў і суцэльных стацеек, пасьля ўважлівага папярэдняга аналізу іх з боку зьместу і правапісу паасобных слоў.

Пры сьпісваньні трэба мець яа ўвазе яшчэ і такія ўмовы: