Старонка:Беларуская граматыка для школ (1920).pdf/62

З пляцоўкі Вікікрыніцы
Гэта старонка не была вычытаная

§ 108. Кожную часьціну сказу можна разьвіць у цэлы сказ даданы, які дадае́цца да сказу асноўнага. Заме́ста — ніхто ня ве́дае чужога абе́ду, можам сказаць: ніхто ня ве́дае, як хто абе́дае. Ніхто ня ве́дае — гэта сказ асноўны; як хто абе́дае — гэта даданы сказ дапаўне́ньня, бо ён замяняе дапаўне́ньне (чужога абе́ду).

Так сама, як сказ дапаўне́ньня, могуць быть даданыя сказы дзе́йніка, азначэньня і розных акалічнасьцей, калі яны замяняюць дзе́йнік, азначэньне і акалічнасьці. Напр.: I той багатыр, хто мае ўсялякага дабра, і той, хто дужы і здаровы. Гай, што быў цёмны, зазеляніўся. Ніхто ня дойдзе туды, дзе́ канчаецца зямля. Тады папараць зацьвіціць, калі на вярбе́ вырастуць ігрушы. Будзе голад, бо збожжа не ўрадзіла. Прыйшлі да хаты, каб супачыць. Як ты да людзе́й, так людзі да цябе́.

Увага. Сказы даданыя інакш называюцца зале́жнымі, бо яны зале́жаць ад асноўнага сказу. Тады сказ асноўны называецца незалежным.

§ 109. Прыдатак — гэта ёсьць азначэньне, выказанае іме́ньнем; стаіць яно ў тым самым склоне, як і тое слова, да якога яно адносіцца. Напрылад: Астаўся адзін сын, сірата. Ех ты, Нёман, рака. Янка, брат майго таварыша, вельмі любіць паляваньне.

Прыдатак з усімі тымі словамі, што да яго адносяцца, выдзяляецца коскамі.

Зваротак так сама выдзяляецца коскамі. Радзі, Божа, жыта! Сьпі, наш міленькі саколік! Брацьця, ці зможам грамадзкае гора?

§ 110. У пісанай мове ставяцца розныя знакі прыпынку.

Пункт (.) ставіцца пасьля кожнага закончанага сказу.

Коска (,) выдзяляе зваротак, прыдатак, даданыя сказы з асноўнага і разьдзяляе падобныя часьціны ў зьлітым ска-