Старонка:Беларуская граматыка для школ (1920).pdf/15

З пляцоўкі Вікікрыніцы
Гэта старонка не была вычытаная

Гэтыя пытаньні называюцца склонамі. Кожны склон мае свой уласны назоў:

1. назоўны хто? што?
2. родны каго? чаго?
3. давальны каму? чаму?
4. вінавальны каго? што?
5. творны кім? чым?
6. месны пры кім? пры чым?
7. клічны ужываецца пры кліканьні.

Задачка. Праскланяй у адзіночным і множным ліку: дом, вада, палатно.

§ 18. Апрача ліку адзіночнага і множнага ў беларускай мове часамі бывае парны лік: дзьве́ назе́, дзьве́ руцэ, дзьве́ сасе́ і г. д.[1]

Ад множнага ліку трэба адрозьніць такія зборныя іме́ньні як гальлё, лісьцё, кольле і інш., якія маюць форму адзіноч­нага ліку, але азначаюць збор многіх аднолькавых рэчаў.

§ 19. Некаторыя іме́ньні ўжываюцца толькі ў адзіноч­ным ліку: жывёла, гародніна, садовіна, малако, насе́ньне, хараство і шмат іншых.

Некаторыя — толькі ў множным ліку: сані, се́ні, дрыжыкі і шмат інш.

Задачка. Напішы, якія іме́ньні ве́даеш, што ўжываюцца толькі ў адзіночным ліку або толькі ў множным ліку.

§ 20. Кожнае імя нале́жыць да аднаго з трох радоў: мужчынскага, жаноцкага або ніякага. Калі на якую рэч можна казаць ён, то гэта мужч. р.: брат, стол і г. д.; калі можна казаць — яна, то гэта жаноцкі род: сястра, бяда, кніга і г. д.; калі — яно, то гэта ніякі род: дзіця, вакно, дабро і г. д.

Некаторыя іме́ньні нале́жаць да агульнага роду, калі могуць азначаць так сама мужчынскі як і жаноцкі род: сірата, кале́ка і інш.

Задачка. Напішы прыклады на іме́ньні мужчынскага, жаноцкага, ніякага і агульнага роду.

  1. але заўсёды: два сталы, два браты і г. д., а ня два брата̀, два стала̀ (водлуг старога парнага ліку).