Старонка:Белалобы.pdf/9

З пляцоўкі Вікікрыніцы
Гэта старонка не была вычытаная

іначай, і чуліся нейкія дзіўныя зыкі… Ваўчыха прыпынілася і палажыла сваю здабычу на сьнег, каб аддыхнуць і пачаць есьці, і раптам адскочыла з агідаю. Гэта было не ягня, а шчанё, чорнае, з вялікай галавою, цыбатае, буйной пароды, з такою-ж белай плямаю на ўвесь лоб, як у Арапкі. Судзячы па манерах, гэта быў прастак-дварняжка. Ён аблізаў сваю памятую, раненую сьпінку і, як быццам нічога ня здарылася, завіляў хвастом і забрахаў на ваўчыху. Яна загыркала, як сабака, і пабегла ад яго. Ён за ёй. Яна азірнулася і ляснула зубамі, ён застанавіўся зьдзіўлены і, мусіць, парашыў, што гэта яна гуляе з ім, выцягнуў морду ў кірунку к зімоўцы і заліўся гучным радасным брэхам, як-бы запрашаючы матку сваю Арапку пагуляць з ім і з ваўчыхай.

Пачынала разьвідняцца, і калі ваўчыха прабіралася густым асіньнікам да свайго лагва, то ўжо выразна была відаць кожная асінка. Прачыналіся цяцеры і часта ўзьляталі прыгожыя цецярукі, устрывожаныя неасьцярожнымі крокамі і брэхам шчаняці.

„Чаго гэта ён бяжыць за мною? — думала ваўчыха з прыкрасьцю. — Мабыць ён хоча, каб я яго зьела“".