Старонка:Бедныя людзі.pdf/9

З пляцоўкі Вікікрыніцы
Гэта старонка была вычытаная

ня праўда? А ўсё здагадачка мая! А, што, якавы я на гэтыя штукі, Барбара Аляксееўна?

Скажу я вам, матачка мая, Барбара Аляксееўна, што спаў я гэту ноч як ня трэба лепей, хоць і не чакаў гэтага, чым і вельмі здаволен; хоць на новых кватэрах, з навасельля, і заўсёды неяк ня сьпіцца; усё штосьці так, ды ня так! Устаў я сёньня такім ясным сокалам — любата! Што гэта якая раніца сёньня прыгожая, матачка! У нас расчынілі акно; сонейка сьвеціць, птушкі сьвіргочуць, паветра дыхае веснавымі водарамі, і ўся прырода ажыўляецца — ну, і ўсё іншае было там таксама адпаведнае; усё ў парадку, па-веснаваму. Я нават і памарыў сёньня даволі прыемна, і ўсё пра вас былі мары мае, Барбарачка. Параўнаў я вас з птушкай нябеснай, на ўцеху людзям і на ўпрыгожаньне прыроды створанай. Тут-жа падумаў я. Барбарачка, што і мы, людзі, жывучы ў клопатах і турботах, павінны таксама зайздросьціць бесклапотнаму і цнатліваму шчасьцю нябесных птушак, — ну, і іншае ўсё такое-ж, да гэтага падобнае; г. зн. я ўсё такія параўнаньні далёкія рабіў. У мяне там кніжка ёсьць адна, Барбарачка, дык у ёй тое-ж самае, усё такое-ж вельмі падрабязнае апісана. Я таму пішу, што розныя-ж бываюць мары, матачка. А вось цяпер вясна, дык і думкі ўсё такія прыемныя, вострыя, выгадлівыя, і мары прыходзяць пяшчотныя: усё ў ружовым колеры. Я таму і напісаў усё гэта; а між іншага, я гэта ўсё ўзяў з кніжкі. Там сачыніцель выяўляе такое-ж жаданьне ў вершыках і піша —

Чаму я ня птушка, драпежная птушка!