паказваў ненарокам; тутака здалося мне, што і тварык ваш мільгануў у акне, што і вы да мяне з пакойчыка вашага пазіралі, што і вы пра мяне думалі. І як-жа мне прыкра было, галубок мой, што вабнага тварыку вашага я ня мог разглядзець хорашанька! Была пара, калі і мы былі відушчымі, матачка. Старасьць ня радасьць, родненькая мая. Вось і цяпер усё мітусіцца ў вачох; крыху папрацуеш вечарам, папішаш што-небудзь, назаўтрае і вочы пачырванеюць, і сьлёзы цякуць, што нават і сорамна перад чужым бывае. Аднак-жа, у маім уяўленьні так і праясьнілася ваша ўсьмешачка, анёлачак, ваша добранькая, ветлівая ўсьмешачка; і на сэрца маім было якраз такое-ж адчуваньне, як тады, калі я пацалаваў вас. Барбарачка, — ці памятаеце, анёлачак? Ці ведаеце, галубок мой, мне нават здалося, што вы там мне пальчыкам пагразілі? Ці-ж ня так, свавольніца? Абавязкова вы ўсё гэта апішэце больш падрабязна ў вашым лісьце.
Ну, а якава наша здагадачка пра фіранку вашу, Барбарачка? Вельмі міла, ці няпраўда? Ці сяджу за работай, ці кладуся спаць, ці прачынаюся, і ўжо ведаю, што і вы там пра мяне думаеце, мяне памятаеце, ды і самі здаровыя і вясёлыя. Апусьціце фіранку — значыцца, бывайце, Макар Аляксеевіч, спаць пара! Падымеце — значыцца, добрай раніцы, Макар Аляксеевіч, якаво вы спалі, або: якаво ваша здароўе, Макар Аляксеевіч? Што-ж да мяне, то я, дзякаваць богу, здаровая і шчасьлівая! Ці бачыце, душачка мая, як гэта лоўка прыдумана; і лістоў ня трэба! Хітра, ці