Старонка:Бедныя людзі.pdf/10

З пляцоўкі Вікікрыніцы
Гэта старонка была вычытаная

Ну і г. д. Там і яшчэ ёсьць розныя думкі, але бог з імі! А вось, куды гэта вы раніцой хадзілі сёньня, Барбара Аляксееўна? Я яшчэ і на службу ня зьбіраўся, а вы ўжо, сапраўды, як птушка веснавая, пырхнулі з пакоіку і па дварэ пайшлі такая вясёленькая. Як мне было весела, пазіраючы на вас! Ах, Барбарачка, Барбарачка! - вы не маркоцьцеся; сьлязьмі гору не паможаце; гэта я ведаю, матачка мая, гэта я на практыцы ведаю. Цяпер-жа вам гэтак утульна, ды і здароўем вы крыху паправіліся. - Ну, як ваша Тадора? Ах, якая-ж яна добрая жанчына! Вы мне, Барбарачка, напішэце, напішэце, як вы там з ёю жывіцё цяпер, і ці ўсім вы здаволены? Тадора то крыху бурклівая; але вы на гэта не зважайце, Барбарачка. Бог з ёю! Яна такая добрая.

Я ўжо вам пісаў пра тутэйшую Тарэзу, - таксама добрая і праўдзівая жанчына. А ўжо як я непакоіўся пра нашы лісты! Як яны перадавацца будуць? А вось тут і паслаў бог на наша шчасьце Тарэзу. Яна жанчына добрая, лагодная, маўклівая. Але наша гаспадыня проста бязьлітасная. Зацірае яе ў работу, быццам лахман які.

Ну, у якую-ж я нетру папаў, Барбара Аляксееўна! Ну, ужо кватэра! Раней-жа я жыў такім глушцом, самі ведаеце - сьмірна, ціха; у мяне, бывала, муха ляціць, дык і муха чуваць. А тут шум, крык, гвалт! Ды вы-ж яшчэ і ня ведаеце, як гэта ўсё тут разьмяркована. Уявеце, прыблізна, доўгі калідор, зусім цёмны і неахайны. Па правай яго руцэ будзе глухая сьцяна, а па левай усё дзьверы, ды дзьверы, быц-