Старонка:Бедныя людзі.pdf/82

З пляцоўкі Вікікрыніцы
Гэта старонка не была вычытаная

ня было Ярмака, у яго шацёр, і зарэзаў дачку сваю, жадаючы нанесьці сьмяртэльны ўдар Ярмаку, які адабраў ад яго скіпетр і карону.

«— Люба мне шоргаць жалезам аб камень! — закрычаў Ярмак у дзікай лютасьці, адточваючы булатны нож свой аб шаманскі камень. — Мне патрэбна іх крыві, крыві! Іх трэба пілаваць, пілаваць, пілаваць!!!»

І пасьля ўсяго гэтага, Ярмак будучы ня ў сілах перажыць сваю Зюлейку, кідаецца ў Іртыш, і тым усё канчаецца.

Ну, а гэта, напрыклад, так маленькі ўрывачак, у жартліва-апісальным родзе, уласна дзеля сьмеху напісаным:

«Ці ведаеце вы Івана Пракопавіча Жоўтапуза? Ну, вось той самы, што ўкусіў за ногу Пракопа Іванавіча. Іван Пракопавіч чалавек жорсткага характару, але затое рэдкі дабрадзей; наадварот таго, Пракоп Іванавіч надзвычайна любіць рэдзьку з мёдам. А вы ведаеце Палагею Антосеўну? Ну, вось тая самая, якая заўсёды спадніцу надзяе павыварат!»

Ды гэта-ж сьмяхоцьце, Барбарачка! проста за жывот бярыся! Мы са сьмеху езьдзілі, калі ён чытаў нам гэта. Гэтакі-ж ён, даруй яму божа! Аднак, матачка, яно хоць крыху і цікава, і ўжо занадта сьмяхотна, затое нявіннае, без аніякага вольнадумства і лібэральных думак. Трэба заўважыць, матачка, што Ратазяеў прыстойных паводзін і таму найлепшы пісьменьнік, ня тое, што іншыя пісьменьнікі.