Старонка:Бедныя людзі.pdf/76

З пляцоўкі Вікікрыніцы
Гэта старонка не была вычытаная

ад чаго, шкарлятына ці што была якаясьці, бог яго ведае! Наведаў я гэтых Гаршковых. Ну, матачка, Вось бядота ў іх! І які непарадак. Ды і на дзіва: уся сям'я жыве ў адным пакоі, толькі што шырмачкамі дзеля прыстойнасьці разгароджаны. У іх ужо і трунка стаіць — просьценкая, але даволі харошанькая трунка; гатовую купілі, хлопчык быў так гадоў дзевяці; надзеі, кажуць, падаваў. Аж жаласна глядзець на іх, Барбарачка! Матка ня плача, але такая сумная, бедная. Ім, можа быць, і лягчэй, што вось ужо адзін з плячэй далоў; — а ў іх яшчэ двое засталося, грудное, ды дзяўчынка маленькая, так, гадоў шэсьць будзе ня больш. Якая прыемнасьць на самай справе бачыць, што вось гэтак пакутуе дзіцянё, а яму і дапамагчы няма чым!

Бацька сядзіць у старым зашмальцаваным фраку, на паломаным крэсьле. Сьлёзы цякуць у яго, хоць, можа быць, і не ад гора, а так, па прывычцы, вочы гнаяцца. Такі ён дзівак! Усё чырванее, калі з ім загаворыш, зблытаецца, і ня ведае, што адказаць. Маленькая дзяўчынка, дачка, стаіць прытуліўшыся да труны, ды такая, бедненькая, сумная, задумённая! А не падабаецца мне, матачка Барбарачка, калі дзіцянё задумаецца; глядзець няпрыемна! Лялька якаясьці з анучак на падлозе каля яе ляжыць, — ня гуляе; на вуснах пальчык трымае; стаіць сабе — не паварухнецца. Ёй гаспадыня цукерак дала; узяла, а ня ела. Сумна, Барбарачка — га!

Макар Дзевушкін.