Старонка:Бедныя людзі.pdf/71

З пляцоўкі Вікікрыніцы
Гэта старонка была вычытаная

рабіць трэба! Ды гэта-ж усё з даўных-даўным кожны божы дзень паўтараецца. Я прывык, таму што я да ўсяго прывыкаю, таму што я сьмірны чалавек, таму што я маленькі чалавек; але, аднак-жа, за што гэта ўсё? Што я каму кепскае зрабіў? Чым перахапіў у каго-небудзь, ці што? Перад высшым каго-небудзь ачарніў? Узнагароду перапрасіў! Лямку схаваў, ці што, якую-небудзь? Ды грэх вам падумаць такое, матачка! Ну да чаго мне ўсё гэта? Ды вы толькі разгледзьцеся, родная мая, ці хапае ў мяне здольнасьцай на крыўду і зьнявагу? Ды за што-ж напасьці такія на мяне, даруй божа? Вы-ж знаходзіце, што я чалавек, які заслугоўвае пашаны, а вы куды лепшая за іх усіх, матачка. Ну якая-ж самая найвялікшая грамадзкая дабрачыннасьць? Азваўся надовечы ў прыватнай гутарцы Астан Іванавіч, што найважнейшая дабрачыннасьць грамадзкая — грошы ўмець заганаць. Гаварылі яны жартачкамі (я ведаю, што жартачкамі), а навука-ж адсюль, што ня трэба быць нікому цяжарам; а я нікому не цяжарам! У мяне кавалак хлеба ёсьць свой; праўда, просты кавалак хлеба, часамі нават чэрствы; але ён ёсьць, працай здабыты, які па закону і дабрадзейна спажываю. Ну, што-ж рабіць! Я-ж і сам ведаю, што я мала раблю тым, што перапісваю; але ўсё-ж такі я гэтым ганаруся: я працую, я пот лію. Ну што-ж тут на самай справе такое, што я перапісваю! што, грэх перапісваць, ці што? «Ён, бач, перапісвае!» — «Гэта, бач, пацук-чыноўнік перапісвае!» Ды што тут зьняважлівага такога? Пісьмо такое выразнае, прыгожае, прыемна глядзець, і яго