Старонка:Бедныя людзі.pdf/70

З пляцоўкі Вікікрыніцы
Гэта старонка была вычытаная

розныя турботы, развагі прыдуць. А вось вы слухайце мяне, матачка, я што-небудзь раскажу вам, родная мая.

Пачну з таго, што было мне ўсяго семнаццаць гадочкаў, калі я на службу зьявіўся, і вось ужо хутка трыццаць гадоў стукне майму службоваму занятку. Ну, няма чаго казаць. Знасіў я віцмундзіраў даволі; пасталеў, паразумнеў, людзей пабачыў; пажыў, магу сказаць, што пажыў на сьвеце, так, што мне хацелі нават раз хрэст даць за ўзнагароду. Вы, можа быць, ня верыце, а я вам, яйправа, не маню. Дык што-ж, матачка, — знайшліся на ўсё гэта злыя людзі! А скажу я вам, родная мая, што я хоць і цёмны чалавек, дурны чалавек, магчыма, але сэрца ў мяне такое-ж, як і ў іншага каго. Дык ці ведаеце, Барбарачка, што мне зрабіў злы чалавек? Аж сорамна сказаць, што ён зрабіў; выбачайце — за што зрабіў? А за тое, што я сьмірненькі, а за тое, што я ціхенькі, а за тое, што я добранькі! Ня прышоўся ім па густу, дык вось і пайшло на мяне. Сьпярша пачалося з «вось, вы, Макар Аляксеевіч, тое ды сее»; а пасьля значыцца — «што вось, у Макара Аляксеевіча і ня пытайцеся». А цяпер скончылі тым, — што «ужо скончана, гэта Макар Аляксеевіч!» Вось, матачка, ці бачыце, як справа пайшла: усё на Макара Аляксеевіча; яны толькі і ўмелі зрабіць, што ў пагаворку ўвялі Макара Аляксеевіча ў цэлым ведамстве нашым. Ды мала таго, што з мяне пагаворку і ледзь ня лаянку зрабілі, — да ботаў, да мундзіра, да валасоў, да постаці маёй дабраліся, — усё не па-іхняму, усё ператаго, што