Старонка:Бедныя людзі.pdf/67

З пляцоўкі Вікікрыніцы
Гэта старонка была вычытаная

былі ў царкве на жалобнай адправе. Мамка была хворая, а Ганна Тодараўна зусім ужо была сабралася, ды пасварылася з старым Пакроўскім і засталася. Была толькі адна я, ды стары. У часе адправы на мяне напаў якісьці страх — быццам прадчуваньне будучага. Я ледзь магла дастаяць у царкве. — Нарэшце, труну зачынілі, забілі, паставілі на воз і павезьлі. Я праводзіла яго толькі да канца вуліцы. Ламавік паехаў рысьсю. Стары бег за ім і моцна плакаў; плач яго дрыжэў і перарываўся ад бегу. Бедны згубіў свой капялюш і ня спыніўся падняць яго. Галава яго мокла на дажджы, узьнімаўся вецер, аблівала секла і шчыпала твар. Стары, здаецца, не адчуваў непагоды і з плачам перабягаў з аднаго боку воза на другі. Крысься яго старэнькага сурдута разьвяваліся на ветры, як крыльля. З усіх кішэнь тырчэлі кніжкі; у руках яго была якаясьці вялізная кніжка, за якую ён моцна трымаўся. Стрэчныя скідалі шапкі і хрысьціліся. Іншыя спыняліся і дзівіліся на беднага старога. Кніжкі раз-по-раз вывальваліся з яго кішані ў гразь. Яго спынялі, паказвалі, што ён губляе; ён паднімаў і зноў імчаўся ўздагон за труною. На розе вуліцы прывязалася з ім разам праводзіць труну якаясьці старая жабрачка. Воз павярнуўся, нарэшце, за рог і схаваўся з маіх вачэй. Я пайшла дамоў. Я кінулася ў страшэннай жальбе на матчыны грудзі. Я сьціскала яе моцна-моцна ў руках сваіх, цалавала яе і ўздрыгвала ад плачу, баязьліва тулячыся да яе, як-бы стараючыся ўтрымаць у сваіх абдымках апошняга сябра майго і не аддаваць яго