Старонка:Бедныя людзі.pdf/64

З пляцоўкі Вікікрыніцы
Гэта старонка была вычытаная

няй мінуты сваёй з надзеяй жыць яшчэ доўга. Яму выходзіла кудысьці месца ў настаўнікі; але да гэтага рамясла яго ня вабіла. Служыць дзе-небудзь на казённым месцы ён ня мог з-за свайго нездароўя. Да таго-ж доўга-б трэба было чакаць першага аклада пенсіі. Карацей, Пакроўскі бачыў толькі адны няўдачы; характар яго псаваўся. Здароўе яго горшала; ён гэтага не заўважаў. Надыходзіла восень. Кожны дзень ён выходзіў у сваім лёгкім шынальку клапатаць пра свае справы, прасіць і вымольваць сабе дзе-небудзь месца, — што яго нутрана мучыла; прамакалі ногі, мок на дажджы, і, нарэшце, зьлёг у пасьцель, з якой ня ўстаў ужо больш... Ён памёр позна ўвосень, у канцы кастрычніка месяца.

Я амаль не пакідала яго пакою за ўвесь час яго хваробы, даглядала за ім і прыслугоўвала яму. Часта ня спала цэлыя ночы. Ён рэдка быў пры памяці; часта блюзьніў; гаварыў бог ведае пра што, пра сваё месца, пра свае кніжкі, пра мяне, пра бацьку... і вось тут пачула шмат чаго з яго жыцьця, чаго раней ня ведала і пра што нават не здагадвалася. У першыя часы хваробы яго ўсе нашы паглядалі на мяне неяк дзіўна; Ганна Тодараўна ківала галавой. Але я зірнула ўсім проста ў вочы, і за ўвагу маю да Пакроўскага мяне перасталі дакараць болей, у кожным разе, мамка.

Часамі Пакроўскі пазнаваў мяне, але гэта было рэдка. Ён быў амаль увесь час бяз памяці. Часамі цэлыя ночы ён гаварыў з кімсьці доўга-доўга нявыразна, цёмнымі словамі, і хрыплы голас яго глуха