Старонка:Бедныя людзі.pdf/60

З пляцоўкі Вікікрыніцы
Гэта старонка была вычытаная

таямнічае здавальненьне, што я лёгка чытала дасюль у яго дзіўных ухватках, крыўляньні, падміргваньні левым вокам, зьніклі. Ён рабіўся з кожнай хвілінай усё больш неспакойным і сумным; нарэшце, ён ня вытрымаў.

— Паслухайце, — пачаў ён баязьліва, напоўголаса: — паслухайце, Барбара Аляксееўна... Ці ведаеце што, Барбара Аляксееўна?.. — Стары ня ведаў што сказаць. — Бачце: вы, як прыдзе яго дзень нараджэньня, вазьмеце дзесяць кніжак і падарыце іх яму самі, г. зн. ад сябе, з свайго боку; я-ж вазьму тады адну адзінаццатую і ўжо таксама падару ад сябе, г. зн. асабіста з свайго боку. Дык вось, ці бачыце — і ў вас будзе сёе-тое падарыць; і ў мяне будзе сёе-тое падарыць; у нас абаіх будзе сёе-тое падарыць. — Тут стары заблытаўся і змоўк. Я зірнула на яго; ён з баязьлівым чаканьнем чакаў майго прыгавору. — «Ды чаму-ж вы хочаце, каб мы ня разам дарылі. Захар Пятровіч?» — Ды так, Барбара Аляксееўна, ужо так, ужо гэта так... — Я-ж, яно таго... — Адным словам, стары зблытаўся, пачырванеў, завяз у сваіх словах і ня мог зварухнуцца з месца.

— Ці бачыце, — даў тлумачэньне ён, нарэшце. — Я Барвара Аляксееўна, дурэю часамі... г. зн. я хачу далажыць вам, што я амаль усё дурэю і заўсёды дурэю... трымаюся таго, што нядобра... г. зн., ведаеце, гэтак на дварэ такія халады бываюць, таксама часамі няпрыемнасьці бываюць розныя, або там як-небудзь маркотна зробіцца; або што-небудзь нядобрага здарыцца, дык я і ня ўтрымаюся, і падурэю, і вып'ю,