Старонка:Бедныя людзі.pdf/61

З пляцоўкі Вікікрыніцы
Гэта старонка была вычытаная

часамі лішняе... Петрыку гэта вельмі не да спадобы. Ён, вось ці бачыце, Барбара Аляксееўна, злуе на мяне, і мне маралі розныя чытае. Дык вось мне і хочацца цяпер самому давесьці падаркам маім, што я папраўляюся і пачынаю трымаць сябе хораша. Што вось я зьбіраў, каб кніжку купіць, доўга зьбіраў, таму што ў мяне і грошай амаль ніколі ня бывае, хіба выпадак. Петрык сяды тады дасьць. Ён гэта ведае. Значыцца, вось ён і пабачыць, на што я трачу грошы свае, і будзе ведаць, што ўсё гэта я яму аднаму раблю.

Мне зрабілася страх як шкада старога. Я думала нядоўга. Стары пазіраў на мяне заклапочана. «Ды, ці ведаеце, Захар Пятровіч, — сказала я, — вы падарэце іх яму ўсе!» — «Як усе! г. зн. кніжкі ўсе?»... — «Ну, але, кніжкі ўсе». — «І ад сябе?» — «Ад сябе». — «Ад аднаго сябе? г. зн. ад свайго імя?» — «Ну але, ад свайго імя»... Я, здаецца, вельмі выразна сказала, але стары вельмі доўга ня маг зразумець мяне.

— Ну але, — гаварыў ён у задуменьні, — але! Гэта будзе вельмі добра, гэта было-б надзвычайна добра, толькі дык як-жа, Барбара Аляксееўна? — «Ну, ды я нічога не падару». Як! — закрычаў стары, амаль перапалохана; — дык вы нічога Петрыку не падарыце, дык вы яму нічога дарыць ня хочаце? — Стары спалохаўся; у гэту хвіліну ён, здаецца, гатоў быў адмовіцца ад свае прапановы, з-за таго, каб і я магла чым-небудзь падарыць яго сына. Дабрак быў гэты стары! Я пераканала яго, што я рада была-б падарыць што-небудзь, ды толькі ў яго не хачу адбіраць