Старонка:Бедныя людзі.pdf/58

З пляцоўкі Вікікрыніцы
Гэта старонка была вычытаная

Недалёка ад мяне, каля другога стала з кніжкамі, пабачыла я старога Пакроўскага. Яго абступіла чацьвёра ці пяцёра букіністых; яны яго зьбілі зусім з толку, ачмуцілі зусім. Кожны з іх прапанаваў яму свой тавар, і чаго-чаго ні прапанавалі яны яму і чагочаго не хацеў ён купіць! Бедны стары стаяў пасярэдзіне іх, быццам-бы загнаны які-небудзь, і ня ведаў, за што ўзяцца з таго, што яму прапанавалі. Я падышла да яго і запыталася-што ён тут робіць? Стары мне вельмі абрадаваўся; ён любіў мяне бяз памяці, можа быць ня менш як Петрыка. — «Ды вось кніжкі купляю, Барбара Аляксееўна, — адказаў ён мне, — Петрыку купляю кніжкі. Вось яго дзень нараджэньня хутка будзе, а ён любіць кніжкі, дык вось я і купляю іх яму»... — Стары і заўсёды сьмяхотна выказваўся, а цяпер у дадатак проста зьбіваўся з панталыку. За што ні возьмецца ўсё рубель срэбрам, два рублі, тры рублі срэбрам: ужо ён да вялікіх кніжак і ня прыцэньваўся, а так толькі з зайздрасьцю на іх паглядаў, перабіраў пальцамі лісьцікі, круціў у руках і зноў іх ставіў на месца. «Не, не, гэта дорага, — гаварыў ён на паўголаса, — а вось хіба адсюль што-небудзь», — і тут ён пачынаў перабіраць тоненькія сшыткі, сьпеўнікі, альманахі; гэта ўсё было вельмі танна. — Ды навошта вы гэта ўсё купляеце, — запыталася яго я; гэта ўсё вялікае глупства. — «Ах, не, — адказваў ён, — не, вы зірнеце толькі, якія тут ёсьць добрыя кніжкі; вельмі-вельмі добрыя ёсьць кніжкі!» — І апошняе слова ён так жаласна працягнуў нарасьпеў, што мне здалося, што ён заплакаць гатоў