Старонка:Бедныя людзі.pdf/57

З пляцоўкі Вікікрыніцы
Гэта старонка была вычытаная

роўства. — Нарэшце я дадумалася, як выйсьці з становішча.

Я ведала, што ў букіністых у Гасьцінным Дварэ можна купіць кніжку часамі на поўцаны таней, калі толькі патаргавацца, часта зусім мала ўжываную і амаль зусім новую. Я пастанавіла абавязкова схадзіць у Гасьцінны Двор. Так і здарылася; на заўтрае-ж зьявілася якаясьці патрэба і ў нас і ў Ганны Тодараўны. Мамцы нездаровілася, Ганна Тодараўна якраз дарэчы, загультаілася, так што давялося ўсе даручэньні ўскласьці на мяне, і я пайшла разам з Матронай.

На маё шчасьце, я знайшла вельмі хутка Пушкіна, і ў надзвычай прыгожай аправе. Я пачала таргавацца. Спачатку запрасілі даражэй, як у крамах; але пасьля, між іншага, не адразу, адыходзячы некалькі раз, я давяла купца да таго, што ён збавіў цану і абмежаваў свае патрабаваньні ўсяго дзесяцьцю рублямі срэбрам. Як мне весела было таргавацца!.. Бедная і навошта я ўздумала купляць гэтулькі кніжак. Але, жах! Увесь мой капітал быў на трыццаць рублёў асыгнацыямі, а купец ніяк не згаджаўся уступіць таней. Нарэшце я пачала ўпрашаць, прасіла-прасіла яго, нарэшце, упрасіла. Ён уступіў, але толькі два з паловай, і пабажыўся, што і гэту ўступку ён толькі дзеля мяне робіць, што я такая паненка прыгожая, а што іншаму каму ён ні за што ня ўступіў-бы. Двух з паловай рублёў не хапала! Я гатова была заплакаць ад крыўды. Але нечаканасьць дапамагла мне ў маім горы.