Старонка:Бедныя людзі.pdf/51

З пляцоўкі Вікікрыніцы
Гэта старонка была вычытаная

Некалькі дзён спусьціўшы, мамка раптам моцна захварэла. Яна ўжо два дні не ўставала з пасьцелі і на трэцюю ноч была ў гарачцы і блюзьніла. Я ўжо ня спала адну ноч, даглядаючы мамку, сядзела каля яе ложка, падносіла ёй пітво і давала ў пэўныя гадзіны лякарства. На другую ноч я выбілася зусім з сіл. Раз-по-раз мяне марыў сон, у вачох зелянела, галава круцілася, і я кожную хвіліну гатова была паваліцца ад зморы, але слабыя стогны маткі абуджалі мяне, я ўздрыгвала, на момант прачыналася, а пасьля сон зноў перамагаў мяне. Я мучылася. Я ня ведаю — я не магу прыпомніць сябе — але якісьці страшны сон, якаясьці жахлівая здань убілася ў маю змардаваную галаву ў змораную хвіліну змаганьня сна з пільнасьцю. Я прачнулася ў жаху... У пакоі было цёмна, начнік патух, палосы сьвятла то раптам аблівалі ўвесь пакой, то ледзь-ледзь мільгалі па сьцяне. Мне зрабілася чагосьці страшна, якісьці жах напаў на мяне; ўяўленьне маё усхвалявана было жахлівым сном; туга сьціснула маё сэрца... Я ўскочыла з крэсла і крыкнула ад якогасьці балючага пачуцьця. У гэты час адчыніліся дзьверы, і Пакроўскі зайшоў да нас у пакой.

Я памятаю толькі тое, што я прачнулася на яго руках. Ён асьцярожна пасадзіў мяне ў крэсла, падаў мне шклянку вады і засыпаў запытаньнямі. Ня памятаю, што я яму адказвала. — «Вы хворыя, вы самі вельмі хворыя», — сказаўшы ён, узяўшы мяне за руку: — «у вас гарачка, вы сябе губіце, вы свайго здароўя не шануеце; супакойцеся, ляжце, засьнеце. Я вас