Старонка:Бедныя людзі.pdf/50

З пляцоўкі Вікікрыніцы
Гэта старонка была вычытаная

памякчэўшы ад майго пакорлівага руху, ён гаварыў ужо цішэй, нядаўным, настаўніцкім тонам, карыстаючыся надаўным правам настаўніка: — «Ну, калі вы пасталееце, калі вы паразумнееце? Вы-ж на сябе зірнеце, вы-ж ужо не дзіцянё, не маленькая дзяўчынка, вам-жа пятнаццаць гадоў ужо!» — І тут, мабыць, жадаючы праверыць, ці справядліва, што я ўжо не маленькая, ён зірнуў на мяне і пачырванеў да вушей. Я не разумела; я стаяла перад ім і пазірала на яго вялікімі вачыма ў зьдзіўленьні. Ён прыпадняўся, падыйшоў з сарамяжным выглядам да мяне, страх як супуціўся, штосьці загаварыў, здаецца, за штосьці прасіў прабачэньня, можа быць за тое, што толькі цяпер заўважыў, што я такая вялікая дзяўчына. Нарэшце, я зразумела. Я ня памятаю, што са мной тады сталася; — я была бяз памяці, пачырванела яшчэ больш за Пакроўскага, закрыла твар рукамі і выбегла з пакою.

Я ня ведала, што мне заставалася рабіць, куды было падзецца ад сораму. Адно тое, што ён застаў мяне ў сваім пакоі! Цэлых тры дні я на яго не магла зірнуць! Я чырванела да сьлёз. Думкі самыя дзівосныя, сьмяхотлівыя думкі круціліся ў галаве маёй. Адна з іх, самая няпрытомная, была тая, што я хацела ісьці да яго, пагаманіць з ім, прызнацца яму ўва ўсім, адкрыта расказаць яму ўсё і ўпэўніць яго, што я зрабіла не як дурная дзяўчынка, але з добрымі намерамі. Я была і зусім ужо вырашыла ісьці, але, дзякаваць богу, сьмеласьці не хапіла. Уяўляю, што я нарабіла-б! Мне і цяпер пра ўсё гэта сорамна ўспамінаць.