Старонка:Бедныя людзі.pdf/49

З пляцоўкі Вікікрыніцы
Гэта старонка была вычытаная

Але як-жа мне стала крыўдна, калі я, прышоўшы ў наш пакой, сьпяшаючыся разгарнула кніжку і пабачыла якісьці стары, ператлелы, увесь зьедзены чарвякамі лацінскі твор. Я вярнулася, ня трацячы часу, толькі што я хацела паставіць кніжку на паліцу, пачула шум у калідоры і чыесьці блізкія крокі. Я засьпяшалася, затарапілася, але прыкрыя кніжкі былі так шчыльна пастаўлены ў рад, што, калі я выцягнула адну, рэшта рассунулася сама па сябе і сьціснуліся так, што цяпер ранейшаму іх таварышу не засталося больш месца. Уціснуць кніжку ў мяне не хапала сіл. Аднак-жа, я піхнула кніжкі з усіх сіл, як толькі магла. Іржавы цьвік, на якім трымалася паліца, і які, здаецца, знарок чакаў гэтай хвіліны, каб зламацца-зламаўся. Паліца паляцела адным канцом уніз. Кніжкі з шумам пасыпаліся на падлогу. Дзьверы адчыніліся, і Пакроўскі ўвайшоў у пакой.

Трэба заўважыць, што ён цярпець ня мог, калі хто-небудзь гаспадарыў у яго ўладаньнях. Бяда таму, хто чапаў кніжкі яго! Пасудзеце-ж, які быў мой жах, калі кніжкі, маленькія, вялікія, розных форматаў, рознай велічыні і таўшчыні, рынуліся з паліцы, паляцелі, заскакалі пад сталом, пад крэсламі, па ўсім пакоі. Я ўжо хацела ўцякаць, але было позна. — Вядома, думаю, вядома! Я прапала, загінула! Я дурэю, сваволю, як дзесяцігадовае дзіцянё; я дурная дзяўчынка! Я вялікая дурніца! Пакроўскі страх як разгневаўся. — «Ну вось, гэтага не хапала яшчэ! — закрычаў ён. — Лепш-бы вы зрабілі, калі-б не хадзілі туды, куды вас ня просяць». — Але, між іншага, крыху