Старонка:Бедныя людзі.pdf/48

З пляцоўкі Вікікрыніцы
Гэта старонка была вычытаная

рэньне. Неяк вечарам калі мамка сядзела ў Ганны Тодараўны, я паціхутку зайшла ў пакой Пакроўскага. Я ведала, што яго ня было дома, і, дапраўды, ня ведаю чаму мне ўздумалася зайсьці да яго; хоць мы пражылі побач ужо больш за год. У гэты раз сэрца ў мяне білася так моцна, так моцна, што, здавалася, з грудзей хацела выскачыць. Я азірнулася навакол з якімсьці асаблівым зацікаўленьнем. Пакой Пакроўскага быў вельмі бедна прыбраны; парадку было мала. На сьценах было прыбіта пяць доўгіх паліц з кніжкамі. На стале і на крэслах ляжалі паперы. Кніжкі ды паперы! У мяне зьявілася дзіўная думка, і разам з тым якоесьці няпрытомнае адчуваньне крыўды ахапіла мяне. Мне здавалася, што майго сяброўства, майго закаханага сэрца было мала яму. Ён быў вучоны, а я была неразьбітная і нічога ня ведала, нічога ня чытала, ніводнай кніжкі... Тут я зайздрасна паглядзела на доўгія паліцы, якія ламаліся пад кніжкамі. Мяне ахапіла крыўда, жальба, якоесьці шаленства. Мне хацелася, і я тут-жа асьмелілася прачытаць яго кніжкі, ўсе да аднае, і як можна хутчэй. Ня ведаю, можа быць, я думала, што навучыўшыся таго, што ён ведаў, буду дастойна яго сяброўства. Я кінулася да першай паліцы; ня думаючы, ня спыняючыся, схапіла ў рукі першы, які папаўся запылены, стары том, і, зьбялеўшы, чырванеючы, калоцячыся ад хваляваньня і страху, забрала з сабой крадзеную кніжку, вырашыўшы яе прачытаць у ночы, каля начніка, калі засьне мамка.