Старонка:Бедныя людзі.pdf/47

З пляцоўкі Вікікрыніцы
Гэта старонка была вычытаная

усьміхаўся, чырванеў і ня ведаў, чым загладзіць свой праступок. Пакроўскі сваімі парадамі адвучаў пакрысе старога ад нядобрых нахілаў, і як толькі бачыў яго разы тры, падрад цьвярозым, то пры першым наведаньні даваў яму на разьвітаньні па пяцьдзесятцы, па паўрубля або больш. Часамі купляў яму боты, гальштук або камізэльку. Затое стары ў сваёй абноўцы быў ганаровым, як певень. Часамі ён заходзіў да нас. Прыносіў мне, Алесі цукровых пявункоў, яблыкаў, і ўсё, бывала, гутарыць з намі пра Петрыка. Прасіў нас вучыцца ўважліва, слухацца, гаварыў, што Петрычак добры сын, і ў дадатак вучоны сын. Тут ён так, бывала, сьмешна падміргіваў левым вокам, так сьмяхотна крыўляўся, што мы не маглі ўтрымацца ад сьмеху, і рагаталі з яго ад душы. Мамка яго вельмі любіла. Але стары ненавідзеў Ганну Тодараўну, хоць быў перад ёю цішэй вады, ніжэй травы.

Хутка я перастала вучыцца ў Пакроўскага. Мяне ён, як і раней, усё лічыў дзіцянём, свавольнай дзяўчынкай, такой, як і Алеся. Мне было вельмі крыўдна, таму што я з усіх сіл старалася загладзіць свае ранейшыя паводзіны. Але мяне не заўважалі. Гэта гнявіла мяне ўсё больш і больш. Я ніколі амаль ня гутарыла з Пакроўскім па-за клясай, ды і не магла гутарыць. Я чырванела, зьбівалася, і пасьля дзенебудзь у кутку плакала ад крыўды.

Я ня ведаю, чым-бы ўсё гэта скончылася, калі-б збліжэньню нашаму не дапамагло адно дзіўнае зда-