Старонка:Бедныя людзі.pdf/46

З пляцоўкі Вікікрыніцы
Гэта старонка была вычытаная

і адпачыць зайшоў». І пасьля моўчкі, пакорна браў свой шынэлік, капялюшык, зноў паціхутку адчыняў дзьверы і адыходзіў, усьміхаючыся праз сілу, каб стрымаць у душы набалелае гора і ня выказаць яго.

Калі сын прымае, бывала, бацьку хораша, то стары ня чуе сябе ад радасьці. Здавальненьне праглядвала на яго твары, у яго міне, у яго рухах. Калі сын загаворыць да яго, то стары заўсёды прыпадымаўся крыху з крэсла, і адказваў ціха, падлізьліва, амаль з сьвятой пашанай, і заўсёды стараючыся ўжываць самыя адборныя, г. зн. самыя сьмешныя выразы. Але дару слова ён ня меў: заўсёды зблытаецца і спужаецца, аж ня ведае куды рукі падзець, куды сябе падзець, і пасьля яшчэ доўга пра сябе адказ шэпча, як-бы жадаючы паправіцца. Калі-ж удавалася адказваць добра, то стары падхарашываўся, папраўляў на сабе камізэльку, гальштук, фрак і прымаў выгляд годны сваёй пашаны. А бывала, да таго рабіўся бадзёрым, да таго распасьціраў сваю сьмеласьць, што ціхутка ўставаў з крэсла, падыходзіў да паліцы з кніжкамі, браў якую-небудзь кніжку, і нават тут-жа прачытваў што-небудзь, якая-б ні была кніжка. Усё гэта ён рабіў з выглядам спакойным, абыякавым, прытвараючыся, быццам-бы ён і заўсёды мог так гаспадарыць з сынавымі кніжкамі, быццам-бы яму і не ў навіну ласка сына. Але мне раз давялося бачыць, як бядак спалохаўся, калі Пакроўскі папрасіў яго не чапаць кніжак. Ён супуціўся, зьбіўся з панталыку, паставіў кніжку дагары нагамі, пасьля хацеў паправіцца, перавярнуў і паставіў абрэзам на хату,