Старонка:Бедныя людзі.pdf/45

З пляцоўкі Вікікрыніцы
Гэта старонка была вычытаная

мымі пустымі і бяссэнсавымі, ён раз-по-раз перашкаджаў сыну займацца, і, нарэшце, зьяўляўся часамі п'янаватым. Сын пакрысе адвучваў старога ад недахопаў, ад цікаўлівасьці і ад заўсёднай балбатні і, нарэшце давёў да таго, што той слухаў ва ўсім яго, як оракуля, і роту ня сьмеў разявіць без дазволу.

Бедны стары ня мог надзівіцца і нацешыцца на свайго Петрыка (так ён называў сына). Калі ён прыходзіў да яго ў госьці, то амаль заўсёды меў якісьці, заклапочаны, баязьлівы выгляд, мабыць, што ня ведаў, як яго прыме сын, звычайна доўга не асьмельваўся зайсьці, і калі я тут здаралася, дык ён мяне мінут дваццаць, бывала, распытваўся - што, якоў Петрык? ці здаровы ён? у якім настроі, і ці не займаецца чым-небудзь важным? Што ён зараз робіць? ці піша, ці чытае, ці развагамі якімі займаецца, калі я яго даволі падбадзёрвала і супакойвала, то стары, нарэшце, асьмельваўся зайсьці і ціха-ціха, асьцярожна-асьцярожна адчыняў дзьверы, прасоўваў спачатку адну галаву, і калі бачыў, што сын ня злуе і кіўнуў яму галавой, то паціхутку праходзіў у пакой, скідаў свой шынэлік, капялюш, які вечна быў у яго пакурчаны, дзіравы, з адарванымі палямі,-усё вешаў на крук, усё рабіў ціха, нячутна; пасьля сядаў дзе-небудзь асьцярожна на крэсла і з сына вачэй ня зводзіў, усе рухі яго лавіў, жадаючы ўгадаць настрой свайго Петрыка. Калі сын быў ледзь-ледзь не у настроі, і стары заўважаў гэта, то адразу-ж прыпадымаўся з месца і тлумачыў, што, бач, так, Петрык, я на хвілінку. Я, вось далёка хадзіў, праходзіў тут,