Перайсці да зместу

Старонка:Бедныя людзі.pdf/44

З пляцоўкі Вікікрыніцы
Гэта старонка была вычытаная

З школы малады Пакроўскі паступіў у якуюсьці гімназію, і пасьля ва ўнівэрсытэт. Пан Быкаў часта прыяжджаючы ў Пецярбург, і тут не пакінуў яго без свае апекі. З-за кепскага здароўя свайго Пакроўскі ня мог далей вучыцца ва ўнівэрсытэце. Пан Быкаў пазнаёміў яго з Ганнай Тодараўнай, сам рекомендаваў яго, і такім чынам малады Пакроўскі быў прыняты за хлеб з умовай вучыць Алесю ўсяму, што толькі ні спатрэбіцца.

Стары-ж Пакроўскі, з гора ад жорсткасьці жонкі свае, аддаўся самаму благому налагу і амаль заўсёды бываў п'яным. Жонка яго біла, выгнала спаць на кухню і да таго давяла, што ён, нарэшце, прывык да пабояў і кепскага абыходжаньня і ня скардзіўся. Ён быў яшчэ ня вельмі стары чалавек, але ад благіх нахілаў амаль страціў прытомнасьць. Адзінай прыкметай чалавечых шляхэтных пачуцьцяў была ў ім бязьмежная любасьць да сына. Гаварылі, што малады Пакроўскі падобны як дзьве кроплі вады на нябожчыцу матку сваю. Ці не ўспаміны аб ранейшай добрай жонцы радзілі ў сэрцы закінутага старога такую бязьмежную любасьць да сына? Стары і гаварыць больш ні пра вошта ня мог, як пра сына, і заўсёды два разы на тыдзень наведваў яго. Часьцей-жа прыходзіць ён ня сьмеў, таму што малады Пакроўскі цярпець ня мог бацькаўскіх наведваньняў. З усіх яго недахопаў, бясспрэчна, першым і важнейшым была непашана да бацькі. Аднак, і стары бываў часамі гідкай істотай на сьвеце. Па-першае, ён быў страх які цікаўлівы, па-другое, гутаркамі і распытваньнямі, са-