Старонка:Бедныя людзі.pdf/34

З пляцоўкі Вікікрыніцы
Гэта старонка была вычытаная

ведаеш. Паставяць на калені, дадуць зьесьці толькі адну патраву. Была я такая маркотная, сумная. Спачатку ўсе дзяўчаты з мяне сьмяяліся, дражнілі мяне, зьбівалі, калі я адказвала лекцыі, шчыпалі, калі мы ў шэрагах ішлі да абеду або да гарбаты, скардзіліся на мяне бяз знай прычыны гувернантцы. Затое які рай, калі няня прыдзе, бывала, па мяне ў суботу вечарам. Так і абніму маю старэнькую, зайшоўшуюся ад радасьці. Яна мяне апране, захутае, дарогаю не пасьпявае за мной, а я ёй усё гавару, гавару, апавядаю. Дамоў прыду вясёлая, радасная, моцна абніму нашых, быццам-бы пасьля дзесяцігадовай ростані! Пачнуцца гамонкі, гутаркі, апавяданьні; з усімі вітаешся, сьмяешся, рагочаш, бегаеш, скачаш. З таткам пачнуцца гутаркі сур'ёзныя, пра навуку, пра нашых настаўнікаў, пра францускую мову, пра граматыку Лёмонда — і ўсе мы такія вясёлыя, такія здаволеныя. Мне і цяпер весела ўспамінаць пра гэтыя хвіліны. Я з усіх сіл старалася вучыцца і дагаджаць татку. Бачыла я, што ён апошняе на мяне аддаваў, а сам перабіваўся бог ведае як. З кожным днём ён рабіўся больш змрочным, нездаволеным, сярдзітым; характар яго зусім сапсаваўся: справы не ўдаваліся, даўгоў было гібель. Мамка, бывала, і плакаць баялася, слова сказаць баялася, каб не разгневаць татку; зрабілася хворая такая; усё худзела, худзела і пачала нядобра кашляць. Я, бывала, прыду з пансіёна — усё такія сумныя абліччы; мамка ціхенька плача, татка злуецца. Пачнуцца ўпікі, дакоры. Татка пачне гаварыць, што я яму ня прыношу ніякай радасьці, нія-