Старонка:Бедныя людзі.pdf/35

З пляцоўкі Вікікрыніцы
Гэта старонка была вычытаная

кай уцехі; што яны на мяне апошняе трацяць, а я да гэтага часу не гавару па-француску; адным словам, усё няўдачы, усё, усё спаганялася на мне і на мамцы. А ці-ж можна было мучыць бедную мамку? Пазіраючы на яе, сэрца разрывалася, бывала; шчокі яе ўваліліся, вочы запалі, у твары быў такі сухотны колер. Мне пападала больш усіх. Пачыналася заўсёды з дробязяй, а пасьля ўжо бог ведае да чаго даходзіла; часта я нават не разумела, пра што ідзе справа. Чаго ні гаварылася, чаго ні ўпікалася!.. І француская мова, і што я вялікая дурніца, і што начальніца нашага пансіёна неразважлівая, дурная жанчына; што яна пра нашу шляхэтнасьць не клапаціцца; што татка службы да гэтага часу ня можа знайсьці, і што граматыка Лёмонда кепская граматыка, а Запольскага куды лепшая; што на мяне грошай шмат намарна выкінулі; што я, відавочна, беспачуцьцёвая, каменная — адным словам, бедная я, з усіх сіл выбівалася, паўтараючы гутаркі і вокабулі, а ва ўсім была вінавата, за ўсё адказвала! І гэта зусім не таму, каб татка не кахаў мяне; мне і мамцы ён душу аддаваў. Але ўжо гэта так, характар быў такі.

Клопаты, горкасьці, няўдачы змучылі беднага татку да апошняга: ён зрабіўся недаверлівы, сварлівы, часта амаль даходзіў да роспачы, пачаў не шанаваць свайго здароўя, празяб, і раптам захварэў, пакутваў нядоўга, і сканаў так раптоўна, так нечакана, што мы некалькі дзён былі ў бяспамяцьці ад удару. Мамка была, як няпрытомная; я нават баялася за яе