Старонка:Бедныя людзі.pdf/33

З пляцоўкі Вікікрыніцы
Гэта старонка была вычытаная

біўся такім нездаволеным, сярдзітым, цэлыя гадзіны ходзіць, бывала, з кута ў кут, насупіўшыся, і ні да кога слова ня вымавіць. Мамка ня сьмела тады і загаварыць да яго і маўчала. Я сядала дзе-небудзь у куток з кніжкай — сьмірна, ціха, паварухнуцца, бывала, баюся.

Праз тры месяцы пасьля нашага прыезду ў Пецярбург, мяне аддалі ў пансіён. Вось як нудна было мне спачатку ў чужых людзей! Усё так суха, няветліва было — гувэрнанткі такія крыкухі, дзяўчаты такія насьміхальніцы, а я такая дзікунка. Сурова, патрабавальна! На ўсё свая пара, агульны стол, нудныя настаўніні — ўсё гэта мяне спачатку выбіла з сіл, змучыла. Я там і спаць не магла. Плачу, бывала, цэлую ноч, доўгую, нудную зябкую ноч. Бывала, вечарамі усе паўтараюць або вучаць лекцыі; я сяджу сабе за гутаркамі або вокабулямі, паварухнуцца баюся, а сама ўсё думаю пра хату сваю, пра татку, пра мамку, пра маю бабульку-няню, пра няніны сказкі... ах, як замаркоціцца! Пра самую пустую рэч у хаце, і пра тую з задаваленьнем успамінаеш. Думаеш-думаеш: вось як-бы добра цяпер было дома! Сядзела-б я ў маленькім пакойчыку нашым, каля самавара, разам з нашымі і было-б так цёпла, добра, знаёма. Як-бы, думаеш, абняла цяпер мамку, моцна-моцна, горача-горача! Думаеш-думаеш, ды і заплачаш ціхенька з нуды, сьціскаючы ў грудзёх сьлёзы, і ня ідуць у голаў вокабулі. Назаўтра лекцыі ня вывучыш, усю ноч сьняцца настаўнікі, мадам, дзяўчаты; усю ноч праз сон лекцыі бубніш, а на другі дзень нічога ня