Старонка:Бедныя людзі.pdf/28

З пляцоўкі Вікікрыніцы
Гэта старонка была вычытаная

нік, дзе пахавана мамка, паніхіду адправіць. Чаму вы не пайшлі разам са мною; — я вас гэтак прасіла. Ах, бедная, бедная мая мамка, калі-б ты ўстала з труны, калі-б ты ведала, калі-б ты бачыла, што яны са мной зрабілі!

Б. Д.

Мая 20.

Галубок мой, Барбарачка!

Пасылаю вам крыху вінаграду, душачка; чалавеку, які ачуньвае, гэта, кажуць, добра, ды і доктар раіць ад смагі. Вам булачак з цукрам надысь зажадалася, матачка; дык вось я вам іх цяпер пасылаю. Ці маеце вы апэтыт, душачка? — вось што галоўнае. Але, дзякаваць богу, што ўсё прайшло і скончылася, і што пакуты нашы таксама канчаюцца. Аддамо падзяку небу; а што да кніжак, то дастаць нідзе не магу. Ёсьць тут, кажуць, добрая кніжка адна, і вельмі высокім складам напісаная: кажуць, што добрая, я сам ня чытаў, а тут вельмі хваляць. Я прасіў яе сабе; абяцаліся даслаць. Толькі ці будзеце вы чытаць? Вы ў мяне ў гэтым пераборлівая; цяжка дагадзіць на ваш густ; ужо я вас ведаю, галубок вы мой; вам мабыць усё вершыкаў патрэбна, уздыханьняў, залётаў — ну і вершаў дастану, усяго дастану; там ёсьць адзін сшытак перапісаны.

Я-то жыву добра. Вы, матачка, пра мяне не клапацеся, калі ласка. А што Тадора вам нагаварыла на мяне, дык усё гэта лухта; вы ёй скажэце, што яна