Старонка:Бедныя людзі.pdf/27

З пляцоўкі Вікікрыніцы
Гэта старонка была вычытаная

здаецца, ніколі не перастане сачыць за мной. Яна кажа, што хоча дараваць мне, забыцца на ўсё мінулае, і што абавязкова сама наведае мяне. Кажа, што вы мне зусім не сваяк, што яна мне бліжэйшая сваяцніца, што ў сямейныя нашы стасункі вы ня маеце ніякага права ўмешвацца, і што мне сорамна і брыдка жыць з вашага жабрацтва і быць на вашым утрыманьні. Яна сварыцца, упікае мяне ў няўдзячнасьці!.. кажа, што я забылася на яе хлеб і соль, што яна мяне з мамкай, можа быць, ад галоднай сьмерці выратавала, што яна нас паіла, карміла і больш як два з паловай гады трацілася на нас, што яна нам апрача гэтага доўг даравала. І над мамкай яна зьлітавацца не хацела! А калі-б ведала бедная мамка, што яны са мною зрабілі! Бог бачыць!.. Ганна Тодараўна кажа, што я па дурнаце маёй свайго шчасьця ўтрымаць ня ўмела, што яна сама мяне на шчасьце наводзіла, што яна ні ў чым іншым не вінавата, што я сама за гонар свой ня ўмела, а можа быць, і не хацела заступіцца. А хто-ж тут вінаваты, божухна вялікі! Яна кажа, што праўда пана Быкова, і што ні з кожнай-жа жаніцца, якая... ды што пісаць! Балюча слухаць такую няпраўду, Макар Аляксеевіч! Я ня ведаю, што са мной цяпер робіцца. Я дрыжу, плачу, лемантую; гэты ліст я вам дзьве гадзіны пісала. Я думала, што яна, у кожным разе, хоць віну сваю прызнае перад мною; а яна вось як цяпер! — Калі ласка, палохайцеся! сябра мой, адзіны дабрадзей мой; Тадора ўсё перабольшвае; я ня хворая. Я толькі празябла крыху ўчора, калі хадзіла на Волкавы магіль-