Старонка:Бедныя людзі.pdf/23

З пляцоўкі Вікікрыніцы
Гэта старонка была вычытаная

Я ўжо апісваў вам разьмяшчэньне пакояў; яно ніштавата, сказаць, — выгодна, гэта праўда, але чамусьці ў іх духата, г. зн. ня тое, каб яно пахла цяжка, а так, калі можна сказаць, крыху гнілаваты, з кіслымі прыправамі пах якісьці. На першы раз уражаньне несамавітае, але гэта ўсё нічога; варта толькі мінуты дзьве пабыць у нас, дык і пройдзе і не адчуеш, як усё пройдзе, таму што і сам гэтым цяжкім пахам прапахнеш, і адзеньне пахне, і рукі прапахнуць, і ўсё прапахне, — ну, і прызвычаішся. У нас чыжыкі так і ўміраюць. Мічман пятага ўжо купляе, — ня жывуць у нашым паветры ды і годзе. Кухня ў нас вялікая, раскошная, сьветлая. Праўда, раніцою чадна крыху, калі рыбу ці ялавічыну смажаць, ды і паразьліваюць скрозь, затое ўжо вечарам рай. У кухні ў нас на вяроўках заўсёды бялізна вісіць старая; а як мой пакой недалёка, г. зн. амаль прылягае да кухні, то пах ад бялізны мяне крыху непакоіць; але нічагуткі; пажывеш і прызвычаішся.

З самых досьвіткаў, Барбарачка, у нас гармідар пачынаецца: устаюць, ходзяць стукаюць, — гэта ўстаюць усе, каму трэба, хто на службу або так, сам па сабе; усе гарбату піць пачынаюць. Самавары ў нас гаспадарскія, большаю часткаю, мала іх, ну дык мы ўсе чаргі трымаемся; а хто пападзе без чаргі з сваім імбрычкам, дык зараз-жа таму галаву намыляць. Вось і я неяк папаў першы раз, ды... між іншага ці варта пісаць! Вось тут якраз я з усімі і пазнаёміўся. З мічманам з першым пазнаёміўся; адкрыты такі, пра мамку, пра сястрыцу, што