Старонка:Бедныя людзі.pdf/24

З пляцоўкі Вікікрыніцы
Гэта старонка была вычытаная

за тульскім асэсарам, і пра горад Кронштадт. Абяцаў апекавацца нада мной, і тут-жа мяне да сабе на гарбату запрасіў. Адшукаў я яго ў тым самым пакоі, дзе ў нас звычайна ў карты гуляюць. Там мне далі гарбаты і абавязкова хацелі, каб я ў карцёжную гульню з імі гуляў ці сьмяяліся яны, ці не з мяне, ня ведаю; толькі самі яны ўсю ноч навылет прагулялі, і калі я ўвайшоў, то таксама гулялі. Крейда, карты, а дым такі стаяў ва ўсім пакоі, што выядаў вочы. Гуляць я ня гуляў, і мне адразу заўважылі, што я пра філёзофію гавару. Пасьля ўжо ніхто са мною і не гаварыў увесь час; ды я, па праўдае, і рад быў гэтаму. Не пайду да іх цяпер; карцёжная ў іх, чыстая карцёжная! Вось у чыноўніка па літаратурнай частцы бываюць таксама зборышчы вечарамі. Ну, у таго хораша, скромна, цнатліва і далікатна; усё па-шляхэтнаму.

Ну, Барбарачка, заўважу вам яшчэ мімаходзь, што гадасная жанчына наша гаспадыня, ну сапраўдная ведзьма. Вы бачылі Тарэзу. Ну, што яна яна такое на самай справе? Худая, як абскубянае, заморанае куранё. У доме і людзей усяго двое: Тарэза ды Фальдоні, гаспадарскі слуга. Я ня ведаю, можа быць ён Мае і іншае якое імя, толькі ён і на гэта адклікаецца; усе яго так завуць. Ён рыжы, чупірадла якоесьці, крывы, курносы, грубіян; усё з Тарэзай сварыцца, ледзь ня б'юцца. Праўду сказаць, жыць мне тут ня так, каб зусім добра было... Каб гэта ўсім разам уночы заснуць і супакоіцца — гэтага ніколі ня бывае. Усе вечна дзе-небудзь сядзяць, ды гуляюць, а часамі і