Старонка:Бедныя людзі.pdf/22

З пляцоўкі Вікікрыніцы
Гэта старонка была вычытаная

Красавіка 12.

Шаноўная васпані

Барбара Аляксееўна.

Ах, матачка мая, што гэта з вамі! Гэта-ж вы мяне кожны раз гэтак пужаеце. Пішу вам у кожным лісьце, каб вы шанаваліся, каб вы хуталіся, каб вы не хадзілі ў кепскае надвор'е, асьцярогу ва ўсім захоўвалі, — а вы, анёлачак мой, мяне і ня слухаецеся. Ах, галубок мой, ну, быццам вы дзіця якое-небудзь! Вы-ж кволенькія, як саломінка кволенькія, гэта я ведаю. Ледзь ветрык прахопіць, дык ужо вы і занядужаеце. Моцна шанавацца трэба, самой пра сябе дбаць, небясьпекі ўхіляцца, і блізкіх сваіх у гора і ў смутак ня ўводзіць.

Маеце жаданьне, матачка, да макулінкі даведацца пра маё жыцьцё-быцьцё, і пра ўсё, што навакол мяне. З радасьцю сьпяшаюся задаволіць ваша жаданьне, родная мая. Пачну спачатку, матачка, больш парадку будзе. Па-першае, у доме у нас на чыстым уваходзе ўсходы зусім звычайныя; асабліва парадныя, чыстыя, сьветлыя, шырокія, усё чыгун ды чырвонае дрэва. Затое пра чорныя сходы ўжо і ня пытайцеся: пакручастыя, вільготныя, брудныя, прыступкі паломаныя і сьцены такія тлустыя, што рука прыліпае, калі на іх апіраешся. На кожным паверсе стаяць куфры, крэслы і шафы паломаныя, з розным брудам, з гразёю, з сьмяцьцём, з шалупіньнем ад яек ды з рыбінымі вантробамі; цяжкі пах... адным словам, кепска.