Старонка:Бедныя людзі.pdf/21

З пляцоўкі Вікікрыніцы
Гэта старонка была вычытаная

Ах, я часта бываю неасьцярожная, але ня думала, што вы словы мае прымеце як уразьлівы жарт. Паверце, што я ніколі не асьмелюся жартаваць над вашымі гадамі і над вашым характарам. здарылася-ж усё гэта па маёй ветранасьці, а больш таму, што жахліва нудна, а ад нуды за што ні возьмешся? Я-ж меркавала, што вы самі ў сваім лісьце хацелі пажартаваць. Мне страх як маркотна стала, калі заўважыла я, што вы нездаволены мною. Не, добры сябра мой і дабрадзей, вы памыляецеся, калі будзеце падазраваць мяне ў нячуласьці і няўзьдзячнасьці. Я ўмею цаніць у маім сэрцы ўсё, што вы мне зрабілі, абараніўшы мяне ад нядобрых людзей, ад іх ганеньня і нянавісьці. Я вечна буду за вас богу маліцца, і калі мае модлы ўгодныя богу, і неба пачуе іх, дык вы будзеце шчасьлівыя.

Я сёньня адчуваю сябе хвораю. У мяне гарачка і дрыжыкі ўпераменку. Тадора за мяне вельмі непакоіцца. Вы дарэмна саромяцеся заходзіць да нас, Макар Аляксеевіч. Якая людзям справа да гэтага. Вы нашы знаёмыя, і справа скончаная!.. Бывайце, Макар Аляксеевіч. Больш пісаць цяпер няма чаго, Ды і не магу; вельмі нездаровіцца. Прашу вас яшчэ раз не злаваць на мяне і быць упэўненым у той заўсёднай пашане і ў той прыязьні, з якімі гонар маю заўсёды заставацца самай адданай і пакорлівай слугой вашай.

Барбарай Добрасёлавай.